Беларусы ідуць у прыдарожны гандаль з-за нізкіх заробкаў і пенсій



Улетку жыхары вёсак і мястэчак выносяць да аўтадарог садавіну, гародніну, сабраныя ў лесе грыбы і ягады.

Жыхаркі вёскі Тартакі Баранавіцкага раёну распавялі, што прыдарожны гандаль дазваляе ім выжываць:

– Я прашу, каб людзям дазвалялі прадаваць, бо ў людзей маленькія пенсіі, у людзей маленькія заробкі, усё дорага, а дзяцей трэба ў школу аддаваць. У майго ўвогуле засталося паўтары гады да пенсіі, атрымлівае паўтара мільёна заробку. Дачка таксама бярэ і ездзіць на трасу прадае, і сын прадае – на трасу ездзіць з нявесткай.

Кіраўнік экспертнай супольнасці „Стратэгічная думка” Аляксей Харкевіч выдзяляе некалькі прычынаў, чаму ў Беларусі квітнее несанкцыянаваны гандаль пры дарогах:

– У нас асноўны закупшчык – гэта прадпрыемствы Белкаапсаюза. Цэны дагаворныя, але ў цяперашні момант цэны не настолькі добрыя, каб быў стымул здаваць прадпрыемствам, то бок закупачныя цэны на дадзены момант нізкія. Цяпер не найлепшыя часы з пункту гледжання заработнай платы і людзі, якія больш прадпрымальныя, яны шукаюць любы спосаб дадатковага заробку.

Дзяржаўтаінспекцыя мае намер ліквідавать стыхійны прыдарожны гандаль. Паводле супрацоўнікаў ДАІ, несанкцыянаваныя рынкі каля аўтатрас нясуць небяспеку для жыцця як кіроўцаў і пасажыраў машын, так і для саміх гандляроў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель