Беларусы масава забіраюць дэпазіты
Апошнія некалькі гадоў улады публікуюць статыстыку па рынку тэрміновых банкаўскіх укладаў фізічных асоб. У даследаванні кліентуры ўдзельнічаюць усе банкі, якія маюць права адкрываць дэпазіты насельніцтву.
Самая свежая статыстыка на сёння — гэта дадзеныя на 1 кастрычніка 2020 года. На гэтую дату грошы насельніцтва ў тэрміновыя ўклады прыцягвалі 23 з 24 банкаў, піша сайт banki24.by.
Выключэннем стаў ТК Банк, у якога часова адкліканая ліцэнзія на такія аперацыі. Зрэшты, ТК Банк займае мізэрную долю рынку дэпазітаў. Таму вынікі даследавання 23 банкаў у ІІІ квартале можна лічыць дастатковымі і поўнымі.
Па дадзеных рэгулятара, на 1 кастрычніка фізічныя асобы трымалі у 23 банках 17,62 млрд BYN (без уліку налічаных працэнтаў). З гэтай сумы тэрміновых укладаў 73,4% займалі дэпазіты ў замежнай валюце і толькі 26,6% — у беларускіх рублях.
Для параўнання: на 1 студзеня сума ўкладаў дасягала 18,51 млрд BYN. Іншымі словамі, нават дэвальвацыя беларускага рубля не дапамагла вырасці рублёваму эквіваленту ўкладаў. Гэта значыць, што на чыстай аснове адбываўся магутны адток укладаў з банкаўскай сістэмы.
Масавае закрыццё ўкладаў добра бачнае, калі перавесці суму дэпазітаў у доларавы эквівалент. На 1 студзеня такіх тэрміновых укладаў у фізічных асоб было на 6,31 млрд USD, а на 1 кастрычніка іх засталося на 4,9 млрд USD.
Сума дэпазіту на аднаго ўкладчыка змянілася не так драматычна. Сума адзыўнага ўкладу ў валюце на чалавека на 1 кастрычніка склала 5,49 тыс. USD, тады як на 1 студзеня была роўная 5,4 тыс. USD. Аналагічна па неадкліканых валютных укладах: 7,84 тыс. USD супраць 8,28 тыс. USD.
Характэрна, што замежнікі больш давяраюць беларускаму рублю, чым самі беларусы. На 1 кастрычніка доля «зайчыкавых» тэрміновых укладаў у фізічных асоб-нерэзідэнтаў дасягнула 35,1%, а ў рэзідэнтаў Беларусі — толькі 26,4%. Мабыць, сярод названых замежнікаў вышэй доля людзей, якія прывабіліся адносна высокай прыбытковасцю па рублёвых дэпазітах.
Пры гэтым колькасць рахункаў нерэзідэнтаў у банках Беларусі маргінальная — усяго 13434 на 1 кастрычніка 2020 года (0,84%). Агульную дынаміку вызначаюць рэзідэнты краіны. З 1 студзеня па 1 кастрычніка рэзідэнты Беларусі закрылі 303 445 рахункаў (16,1% ад колькасці на пачатак 2020 года).
У наяўнасці — паступовае праяданне «заначак» у сувязі з крызісам у эканоміцы. Статыстыка за 2020 год паказвае, што карэнных зменаў у паводзінах беларусаў пакуль не адбываецца.