Беларусы маюць дэфіцытны бюджэт 3 гады запар
Улады запланавалі, што збяруць у цэнтральную казну менш грошай, чым будзе з яе выдаткавана. Гэта ўжо тэндэнцыя: дэфіцытныя бюджэты сталі звычайнай справай у РБ.
Паводле закона «Аб рэспубліканскім бюджэце» на 2022 год дэфіцыт галоўнай казны краіны ацэньваецца ў 2,845 млрд BYN. Нагадаем, дэфіцыт — гэта стан бюджэту, пры якім яго выдаткі перавышаюць даходы. Адпаведна, калі даходы вышэй за выдаткі, то гэта прафіцыт, тлумачаць banki24.by.
У 2020-2021 гадах парламент таксама прымаў дэфіцытныя бюджэты. Па законе аб бюджэце на 2020-ты дэфіцыт вярсталі ў памеры 995 млн BYN, па законе на 2021-шы — 4,047 млрд BYN. На гэтым фоне быццам нядрэнна выглядае бюджэт Фонду сацыяльнай абароны. Але, на жаль, казна ФСАН даўно атрымлівае трансферты з рэспубліканскага бюджэту. Калі б не дапамога ад Мінфіна, бюджэт ФСАН быў бы хранічна дэфіцытным.
ФСАН патрабуюцца грошы ад рэспублікі, нягледзячы на павышэнне пенсійнага ўзросту. Напрыклад, у 2021 годзе ўлады хацелі перадаць у ФСАН каля 1,630 млрд BYN, а на 2022 год выдаткавалі 1,738 млрд BYN.
Немалыя сумы паглынаюць мясцовыя бюджэты. Згодна з планам на 2022-гі ў гэтым кірунку з рэспубліканскай казны пойдзе да 5,962 млрд BYN. Ёсць і адваротны рух грошай — з месцаў у цэнтр. Так, у 2022 годзе рэспубліка забірае з бюджэту Мінска 1,196 млрд BYN. Гэта таксама даўняя практыка, прычым у апошнія гады яна спалучаецца з адсутнасцю адлічэнняў ад ПДВ у сталічную казну. У 2022-м доля рэспубліканскага бюджэту складзе 75,44%, а астатняе сыдзе ў бюджэты абласцей.
Даходная частка рэспубліканскага бюджэту ў 2022-м будзе напаўняцца ў асноўным за кошт падаткаў. Першае месца па чаканай суме паступленняў акупаваў ПДВ — 11,989 млрд BYN. У свеце ПДВ называюць падаткам на спажыванне, бо спажывец фактычна выплачвае гэты падатак пры куплі тавараў, работ або паслуг, якія ім абкладаюцца. Стандартная стаўка ПДВ у Беларусі — 20%. Акрамя таго, немалыя грошы прынясуць акцызы (3,121 млрд BYN), падатак на прыбытак (1,743 млрд BYN), вывазныя мытныя пошліны (1,604 млрд BYN), увазныя мытныя пошліны ад Расіі (1,706 млрд BYN).
Тыповыя аб’екты абкладання акцызамі — гэта алкаголь і аўтамабільнае паліва. Мытныя пошліны спаганяюць пры экспарце і імпарце тавараў або паслуг. Увогуле, чыноўнікі разлічваюць, што ў 2022-м рэспубліканскім бюджэце моцна падмагчы шкодныя звычкі беларусаў і абароты знешняга гандлю.
Ёсць у бюджэце на 2022 год і радок «бязвыплатныя паступленні» — 2,142 млрд BYN. Асноўныя меркаваныя крыніцы гэтых грошай — трансферт з казны Мінска і тэхніка-эканамічная дапамога ад кітайцаў.