Беларусы менш ездзяць па закупы ў Польшчу
Больш як удвая ў параўнанні з мінулым годам скарацілася колькасць жыхароў Беларусі, якія наведваюць Польшчу з мэтай закупаў.
Мытная служба краіны паведамляе, што колькасць зарэгістраваных квіткоў Tax Free на працягу першай паловы 2015 года склала 558 з паловай тысяч, у той час як год назад гэтая колькасць істотна перавышала 1 мільён. Эканамічны крызіс у Беларусі згуляў адмоўную ролю ў істотным змяншэнні паездак за мяжу, аднак жыхары краіны па-ранейшаму лічаць патрэбным рабіць закупы ў суседняй краіне:
– У нас ужо ў крыві купляць тыя тавары, якіх у нас няма, альбо яны горшай якасці, напрыклад, тая ж бытавая хімія ці кава.
Дакуманты Tax Free сведчаць аб тым, што папулярнасцю ў беларускіх пакупнікоў карыстаюцца такія тавары, як электроніка, харчовыя прадукты, бытавая хімія, будаўнічыя матэрыялы, вопратка, аўтазапчасткі і мэбля. Шоп-туры ў польскі Беласток ладзяцца не толькі з суседняй Гародні, але таксама з Менска, Віцебска і Магілёва.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота shopogoliki.by