Беларусы не чакаюць хуткага аднаўлення эканомікі
Пра гэта сведчаць дадзеныя нацыянальнага апытання, праведзенага даследчай кампаніяй SATIO у красавіку. Вынікі прадстаўленыя на анлайн-канферэнцыі ў межах праекта «Адкрыты дыялог па эканамічных рэформах».
«90% апытаных не чакаюць, што аднаўленне эканомікі адбудзецца раней чым праз паўгода. Амаль палова рэспандэнтаў чакаюць зацяжнога спаду», — паведаміла акадэмічны дырэктар Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Кацярына Барнукова.
– Аказалася, што даходы беларусаў ужо памяншаюцца. 52% апытаных у красавіку заявілі, што іх даходы паменшыліся ў параўнанні з 45% апытаных у сакавіку. Гэта сур’ёзнае павелічэнне. У сярэднім людзі кажуць, што іх даходы паменшыліся на 45%. Людзі чакаюць далейшага зніжэння. Калі чалавек ужо адчуў зніжэнне даходаў, то ён чакае зніжэння і надалей. 48% насельніцтва чаюць далейшага пагаршэння.
Паводле Кацярыны Барнуковай, галоўнай прычынай зніжэння даходаў рэспандэнты называюць падзенне курсу рубля. Але гэта не адзіны фактар, прадстаўнікі сферы паслуг кажуць, што ў іх стала менш замоў, тыя, хто працуюць у прамысловасці, сутыкаюцца са скарачэннем заробкаў або з памяншэннем колькасці рабочых дзён у час эпідэміі каронавірусу, сказала даследчыца.
Беларускае Радыё Рацыя