Беларусы па выніках 2022 года трапілі ў топ-3 пакупнікоў жылля ў Польшчы
Польскае Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі апублікавала звесткі аб куплі жылля замежнымі грамадзянамі ў 2022 годзе.
Больш за ўсіх набылі кватэр украінцы, а на трэцім месцы былі беларусы, паведамляе Interia.pl. Маюцца на ўвазе дадзеныя да 14 лістапада. За гэты перыяд іншаземцы купілі ў Польшчы 9900 кватэр. З іх грамадзяне Украіны купілі 4275 кватэр.
На другім месцы апынуліся немцы, яны купілі 1118 аб’ектаў нерухомасці. А вось беларусы — на трэцім месцы і 889 набытых кватэр. Польскія СМІ адзначаюць, што на чацвёртым месцы апынуліся пакупнікі нерухомасці з Расеі, яны купілі 276 кватэр. (паводле РС)
Якія заходнія тавары вярнуліся на паліцы беларускіх крамаў
Паралельны імпарт дазволіў вярнуцца на паліцы беларускіх крамаў многім папулярным таварам. Праўда, выбар застаецца больш бедным, чым да ўвядзення санкцый Захадам і харчовага эмбарга з боку Менска. Як зараз выглядаюць паліцы з еўрапейскім імпартам, паглядзела выданне Tochka.by.
Да прыкладу, калі раней у адным маркеце была вялікая разнастайнасць аліўкавага алею (амаль увесь з Грэцыі, Італіі і Іспаніі), то зараз з выбарам стала горш. Той жа вядомы італьянскі брэнд Monini ёсць далёка не ўсюды. Але знайсці яго можна. У адным з менскіх гіпермаркетаў знайшліся макароны Barilla з Італіі. Каштуюць дорага: паўкіло тальятэле абыдуцца ў 11,41 рубля. Прадукцыя Heinz і Bonduelle на прылаўках ёсць, але яе няшмат. Ёсць польскі гарошак з морквай Bonduelle за 7 рублёў. Папулярная кава Lavazza прадаецца ад 15,57 рубля. З’явіліся і “санкцыйныя” слодычы. Спачатку нямецкія шакаладкі Ritter Sport, потым Merci і цукеркі Toffifee.
Расея дапусціла Беларусь да здабычы мінтая на Далёкім Усходзе
Беларусь атрымала квоты на здабычу мінтая ў Далёкаўсходнім рыбагаспадарчым басейне. Працаваць там будуць сумесныя расейска-беларускія кампаніі, заўважыў REFORM.by. Усяго беларускаму боку дазволена вылавіць у 2023 годзе 50 тысяч тон мінтая.
Квоты прадастаўлены ў рамках міжурадавага пагаднення паміж РФ і Беларуссю ад 13 сакавіка 2002 года, на падставе Пратакола Расейска-Беларускай змешанай камісіі ў галіне рыбнай гаспадаркі ад 9 снежня 2022 года. Беларусі на гэты год у Далёкаўсходнім рыбагаспадарчым басейне выдзелена квота на здабычу мінтая ў выключнай эканамічнай зоне Расеі.
У Беларусі чакаецца гібель 1 працэнта азімых пасеваў
Мінсельгасхарч ацэньвае долю загінуўшых пасеваў азімых збожжавых у 1 працэнт, але гэта не канчатковыя даныя. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры заявіў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун.
“З 1,5 млн га азімых збожжавых культур на сённяшні дзень, паводле дадзеных аблвыканкамаў, менш за 1% чакаецца гібель. Па ўмовах надвор’я мы бачым, што яшчэ рана поўнасцю падводзіць вынікі, таму што вегетацыя ў паўночных рэгіёнах Віцебскай, Магілёўскай вобласці не поўнасцю бачная… Але да 5% гібелі з’яўляецца натуральнай гібеллю”, – сказаў ён.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: pl.depositphotos.com