Беларусы пачалі падаваць падатковыя дэкларацыі ў электронным выглядзе
У студзені бягучага года падатковыя дэкларацыі за 2017 год прадставілі 4,3 тыс. грамадзян, з іх 88 дэкларацый (або 2,1 працэнта) – у электронным выглядзе. Аб гэтым паведаміў начальнік упраўлення падаткаабкладання даходаў і маёмасці фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Беларусі Андрэй Кавалеўскі.
Ён сказаў, што магчымасць прадстаўлення дэкларацыі ў электронным выглядзе праз асабісты кабінет плацельшчыка на партале МПЗ з дапамогай уліковага запісу і пароля (без выкарыстання ключа электроннага лічбавага подпісу) рэалізавана з 1 студзеня бягучага года. „Улічваючы зручнасць такога спосабу падачы дэкларацыі (няма неабходнасці наведваць падатковы орган, дастаткова наяўнасці персанальнага камп’ютара і сеткі Інтэрнэт), лічу, што ўжо ў наступным годзе пры правядзенні чарговай кампаніі па дэклараванні даходаў колькасць падатковых дэкларацый, пададзеных у электронным выглядзе, узрасце на парадак”, – адзначыў Андрэй Кавалеўскі.
Для рэгістрацыі ў якасці карыстальніка асабістага кабінета плацельшчыка неабходна звярнуцца ў любую падатковую інспекцыю з пашпартам або пасведчаннем на права жыхарства, дзе грамадзяніну будзе бясплатна прадстаўлены лагін і пароль для ўваходу ў асабісты кабінет.
Паводле слоў Андрэя Кавалеўскага, магчымасць прадстаўлення падатковай дэкларацыі ў электронным выглядзе праз нядаўна запушчаны мабільны дадатак МПЗ цяпер не разглядаецца. „Адлюстраванне значнага аб’ёму таблічных даных на экране мабільнага тэлефона даволі праблематычнае, што ўскладняе іх прагляд і запаўненне дэкларацыі”, – растлумачыў ён.
Кампанія па дэклараванні фізічнымі асобамі атрыманых у 2017 годзе даходаў пачалася з 3 студзеня. Дэкларацыя прадстаўляецца ў падатковы орган па месцы жыхарства асабіста або праз упаўнаважаную асобу, а таксама па пошце або ў электронным выглядзе не пазней за 1 сакавіка 2018 года. Падатковы орган правядзе разлік падаходнага падатку і да 1 мая ўручыць паведамленне на яго выплату. Заплаціць падаходны падатак неабходна не пазней за 15 траўня 2018 года.
Грамадзянін абавязаны даць справаздачу падатковай інспекцыі пры продажы на працягу 5 гадоў другой (і больш) кватэры, дома, дачы, гаража, зямельнага ўчастка, пры рэалізацыі на працягу каляндарнага года грузавога аўтамабіля, аўтобуса, другой легкавой машыны. Задэклараваць неабходна таксама даходы, атрыманыя з-за мяжы. Тыя, хто здаваў унаём жыллё і сума даходу за год перавысіла Br5,5 тыс., прымаў дарагія падарункі – на такую ж суму (за выключэннем падарункаў ад блізкіх сваякоў), таксама абавязаны прадставіць падатковую дэкларацыю.
Акрамя таго, падатковую дэкларацыю могуць прадставіць грамадзяне, якія маюць права на атрыманне падатковых вылікаў (стандартных, сацыяльных, маёмасных, прафесійных), пры ўмове, што абавязак па прадастаўленні такіх вылікаў грамадзянам ускладзены на падатковыя органы.
belta.by