Беларусы пакінулі ў Польшчы з пачатку года больш за 71 млн даляраў



У студзені-траўні беларусы выдаткавалі ў польскіх крамах і на рынках 272 мільёны злотых, або каля 71,9 мільёна даляраў, паведаміў FINANCE.TUT.BY прэс-сакратар Мытнай палаты ў Беластоку Мацей Чарнецкі.

– На польскіх памежных пераходах з Беларуссю, размешчаных на тэрыторыі Падляшскага ваяводства, у студзені-траўні зарэгістравалі 350 тысяч дакументаў TaxFree, – распавядае Мацей Чарнецкі.

Нагадаем, па дадзеных польскай мытні, за студзень-чэрвень 2016 года беларусы аформілі 495 тысяч чэкаў TaxFree на агульную суму 355 мільёнаў злотых, або 89,7 мільёна даляраў (па курсе на 30 чэрвеня 2016 года).

Па словах Мацея Чарнецкага, беларусы па-ранейшаму часцей за ўсё вязуць з Польшчы тэхніку, электроніку, бытавую хімію, касметыку, будматэрыялы, адзенне і аўтазапчасткі.

У мінулым годзе беларусы паменшылі траты ў польскіх крамах: ў 2016 годзе ў параўнанні з 2015-м сума зарэгістраваных чэкаў TaxFree скарацілася на 30%.

Таксама ў мінулым годзе ў Польшчы змяніліся правілы афармлення Tax Free. Каб вярнуць ПДВ ад пакупак у гэтай краіне, трэба купіць тавары на суму не менш за 300 злотых (каля 77 даляраў). Раней мінімальная сума пакупак была на 100 злотых менш.