Беларусы па-ранейшаму шмат пакідаюць грошай у польскіх крамах
У 2017 годзе беларусы выдаткавалі ў польскіх крамах і на рынках 675 мільёнаў злотых, або 192,4 мільёна даляраў па курсе Нацбанка на 1 студзеня гэтага года.
Для параўнання: ў 2016 годзе было выдаткавана 170 мільёнаў даляраў, а ў 2015 годзе – 237,3 мільёна даляраў.
На польскіх памежных пераходах з Беларуссю, размешчаных на тэрыторыі Падляшскага ваяводства, у 2017 годзе ў агульнай колькасці было зарэгістравана 995 тысяч дакументаў TaxFree.
Беларусы па-ранейшаму часцей за ўсё вязуць з Польшчы тэхніку, электроніку, бытавую хімію, прадукты харчавання, касметыку, будматэрыялы, адзенне і аўтазапчасткі.
Нагадаем, у Польшчы з 1 сакавіка ўступае ў сілу забарона на гандаль па нядзелях. Дэпутаты польскага сейма прынялі адпаведны закон.
З 1 сакавіка 2018 года гандлёвым цэнтрам і супермаркетам будзе дазволена працаваць толькі ў першую і апошнюю нядзелю месяца. Далей пачынаючы са студзеня 2019 года гандаль будзе дазволены толькі ў апошнюю нядзелю месяца. На апошнім этапе ў 2020 годзе нядзельны гандаль павінен быць цалкам забаронены. У выглядзе выключэння крамам дазволяць працаваць чатыры нядзелі ў годзе, а таксама перад Калядамі і Вялікаднем.