Беларусы пра магчымае падвышэнне пенсійнага ўзросту
На падвышэнне пенсійнага ўзросту ён пойдзе толькі параіўшыся з народам, – заявіў Лукашэнка на нарадзе падчас перамоваў па праграме пашырэння фінансавання з Міжнароднага валютнага фонда. Па словах Лукашэнкі, ён яшчэ перад выбарамі сказаў, што трэба падвышаць пенсійны ўзрост, назваўшы прычыны. Зараз ён даручыў Адміністрацыі прэзідэнта выпрацаваць алгарытм, як раіцца з народам.
Мы папрасілі мінакоў Глыбокага выказаць сваё меркаванне наконт плануемага падвышэння пенсійнага ўзросту:
– Нас ніхто пытацца не будзе, толькі лапшу нам на вушы вешаюць. Падвысіць і ўсё.
– Я – супраць. Канешне, гледзячы, дзе хто працуе. Таму што ёсць цяжкая праца, і да пенсіі можна проста не дажыць.
– Калі хто можа – няхай працуе.
– Ад нас нічога не залежыць.
– Я – супраць. Не дажыву!
– Я лічу, што кіраўнік дзяржавы мусіць прыслухоўвацца да меркавання народа. Бо можа пачацца бунт і вайна, як ва Украіне, можа нават і горш, бо і так невядома, што будзе.
Да прыкладу, у суседняй Польшчы тры гады таму быў падвышаны пенсійны ўзрост: жанчынам – да 65, мужчынам – да 67 гадоў. Але правая партыя “Права і Справядлівасць”, якая зараз пры ўладзе, паабяцала адмяніць гэтае рашэннне і нанава панізіць пенсійны век. Яна ўжо шмат што робіць у гэтым кірунку. Будзе таксама ўлічана і тое, што калі чалавек захоча працаваць даўжэй, ніхто яго сілком адпраўляць на пенсію не будзе.
Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае
Фота 4esnok.by