Беларусы праядаюць валютныя зберажэнні
У красавіку тэрміновыя валютныя дэпазіты насельніцтва ў беларускіх банках скараціліся, нягледзячы на налічаныя працэнты, на 44 млн даляраў, сведчаць звесткі Нацбанка. Па стане на 1 траўня аб’ём тэрміновых валютных укладаў насельніцтва ў банках склаў 6 млрд 852,7 млн далаяраў — гэта мінімальнае значэнне са снежня 2013 года.
Тэндэнцыя пастаяннага зніжэння валютных зберажэнняў насельніцтва ў банкаўскай сістэме назіраецца з лістапада 2015 года. Паўтара года таму аб’ём валютных укладаў у банкаўскай сістэме складаў 7,84 млрд даляраў. Такім чынам, за 18 месяцаў валютныя зберажэнні насельніцтва ў банках знізіліся амаль на 1 млрд даляраў.
Нацыянальны банк раней тлумачыў пастаяннае скарачэнне валютных укладаў фізічных асоб спажывецкімі паводзінамі насельніцтва, якое ва ўмовах зніжэння рэальных даходаў падтрымлівала жаданы спосаб жыцця за кошт назапашаных зберажэнняў.
„Частка насельніцтва верыла, што крызіс мае часовы, кан’юнктурны характар і спрабавала перажыць складаныя часы за кошт праядання зберажэнняў. Сёння відавочна, што даходы насельніцтва хутка расці не будуць, і тыя, хто спадзяваўся на часовыя цяжкасці, памыліліся”, — адзначыў кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізеса Яраслаў Раманчук.
На яго думку, да канца года рост валютных дэпазітаў не адновіцца. „Насельніцтва пакуль жыве ад зарплаты да зарплаты і пра зберажэнні не думае, так што тэндэнцыя, якая назіраецца на дэпазітным рынку апошнія паўтара года, будзе працягвацца”, — лічыць Раманчук.
Аналітыкі фінансавага рынку таксама мяркуюць, што цікавасць насельніцтва да валютных укладаў будзе заставацца нізкай. „Попыт на валютныя дэпазіты ў нас традыцыйна павышаецца на фоне высокіх дэвальвацыйных чаканняў, а сёння пакуль не відаць перадумоў для нейкіх скачкоў на валютным рынку, таму цікавасць да валютных укладаў будзе невысокай”, — лічыць старшы аналітык форекс-брокера Forex Club Валерый Палхоўскі.
Акрамя гэтага, лічаць назіральнікі, паступовае зніжэнне валютных укладаў абумоўленае ў тым ліку і тым, што даходнасць па іх апусцілася да нізкіх значэнняў і складае сёння 2—3% гадавых. Паводле слоў банкіраў, ва ўмовах адсутнасці росту валютнага крэдытавання банкі не зацікаўленыя павышаць стаўкі па валютных дэпазітах і не адчуваюць высокай патрэбы ў валютных сродках насельніцтва.
„Пакуль можна назіраць так званы галандскі аўкцыён на паніжэнні — гульцы рынку зніжаюць працэнтныя стаўкі па дэпазітах і спаборнічаюць за найбольшую працэнтную маржу”, — пракаментаваў сітуацыю на рынку укладаў прадстаўнік аднаго з вядучых банкаў.