Беларусы п’юць усё больш



Рэалізацыя гарэлкі ў першым квартале 2016 года вырасла на 1,1%, сведчаць звесткі Белстата.

Гарэлка

Раней працяглы перыяд продаж гарэлкі падаў. У 2015 годзе ён знізіўся на 10,6% у параўнанні з 2014 годам.

За першы квартал гэтага года прададзена 2 млн. 138,9 тыс. дал гарэлкі, яе доля ў агульным аб’ёме продажу алкаголю склала 50,1% (у першым квартале 2015 года — 47%).

Праз рознічную гандлёвую сетку рэалізавана алкагольных напояў і піва на 7 трлн. рублёў (9,9% рознічнага тавараабароту гандлю).

Піва прададзена 7 млн. 580,7 тыс. дал, што на 0,4% менш. Доля гэтага напою ў агульным аб’ёме продажу алкаголю склала 17,8% (у студзені—сакавіку 2015 года — 16,9%).

Лікёра-гарэлачных вырабаў рэалізавана 252,1 тыс. дал (на 8,6% менш), вінаградных він — 812,9 тыс. дал (на 3,5% менш), пладовых він — 1 млн. 462,7 тыс. дал (на 23,9% менш). Пладовыя віны занялі 15,4% у аб’ёме продажу алкагольнай прадукцыі (у першым квартале 2015 года — 19,2%).

Каньяку прададзена 112,5 тыс. дал (на 12,7% менш), пеністых він, уключаючы шампанскае, — 356 тыс. дал (на 1,5% больш), слабаалкагольных напояў — 196,5 тыс. дал (на 11, 6% менш).

Усяго ў абсалютным алкаголі прададзена 1 млн. 658,4 тыс. дал алкагольных напояў і піва (на 5,1% менш).

belapan.by