Беларусы шукаюць замену валютным укладам
Нізкія працэнтныя стаўкі па валютных дэпазітах прывялі да таго, што частка насельніцтва стала шукаць альтэрнатыўныя варыянты размяшчэння грашовых сродкаў. Апошнім часам з боку фізічных асоб павышаецца цікавасць да інвеставання сродкаў у замежныя каштоўныя паперы.
Як паведамілі БелаПАН у некалькіх банках, для ажыццяўлення такіх аперацый кліенты перадаюць сродкі камерцыйным банкам, якія выступаюць у якасці даверных кіраўнікоў. Паводле даных Нацбанка, аб’ём грашовых сродкаў, перададзеных камерцыйным банкам у давернае кіраванне, павялічыўся за 2017 год на 99,6% да 92,2 млн рублёў.
У выпадку паспяховага размяшчэння сродкаў у замежныя каштоўныя паперы прыбытковасць можа вымярацца ў дзясятках працэнтаў гадавых, але пры гэтым існуюць і рызыкі страты ўкладанняў у выпадку, калі замежныя каштоўныя паперы ўпадуць ў кошце.
Таму, паводле слоў банкіраў, беларускія грамадзяне, якія інвестуюць у замежныя каштоўныя паперы, маюць высокі даход і высокі ўзровень фінансавай пісьменнасці.
„Гэта, як правіла, забяспечаныя людзі, і яны нясуць не апошнія грошы ў беларускі банк для наступнага інвеставання ў замежныя каштоўныя паперы”, — падкрэсліў суразмоўца БелаПАН у банкаўскіх колах.
На дадзены момант для інвеставання сродкаў у замежныя каштоўныя паперы мінімальная сума укладанняў павінна складаць (у залежнасці ад умоў банка) ад 10 да 50 тысяч долараў ЗША.