Беларусы сталі лідарамі па замежных інвестыцыях у Польшчы



Ад пачатку 2023 года беларускія інвестары рэалізавалі 12 праектаў у Польшчы і такім чынам сталі лідарамі па замежных інвестыцыях.  На другім месцы – Нямеччына, якая ажыццявіла ў Польшчы толькі 5 праектаў.

Паводле Польскага агенцтва інвестыцый і гандлю, на якое спасылаецца Dziennik Gazeta Prawna, беларусы плануюць яшчэ 33 праекты з аб’ёмам інвестыцый на амаль 48 мільёнаў еўра. Беларускія кампаніі маюць намер стварыць 9433 працоўных месцы. Абагнаць іх плануюць толькі Злучаныя Штаты з намерам рэалізаваць 35 праектаў коштам 3,4 мільярды еўра.

Кіраўнік агенцтва Павел Курташ тлумачыць такую высокую актыўнасць беларускіх інвестараў праграмай Poland Business Harbour, якая паўстала ў адказ на рэпрэсіі ў Беларусі і стварае спрыяльныя ўмовы для рэлакацыі ІТ-бізнесу і стартапаў у Польшчу.

У Беларусі рост тарыфаў ЖКГ прывязалі да базавай велічыні

Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Мэта ўказа — “забеспячэнне адзіных падыходаў у галіне цэнаўтварэння і ўстанаўленне найбольш празрыстага механізму фарміравання экспартных цэн на асобныя тавары”.

Цяпер “максімальна дапушчальны рост плацяжоў насельніцтва за жыллёва-камунальныя паслугі” не павінен перавышаць 0,5 базавай велічыні (на сённяшні дзень гэта 18,5 рубля). А да гэтага рост тарыфаў не мог перавышаць 5 даляраў за год (цяпер гэта каля 15 рублёў).

У Беларусі засталося толькі 5 прыватных школ

Тры з іх знаходзяцца ў Менску, яшчэ дзве — ў Менскім раёне. Пра гэта распавёў першы намеснік кіраўніка Міністэрства адукацыі Аляксандр Бахановіч. Паводле яго, у згаданых школах налічваецца каля тысячы вучняў.

„Зачыстка” прыватных навучальных ўстаноў пачалася пасля таго, як у прыватнай менскай школе „Смарт скул” адзін школьнік стрэліў у аднакласніцу гумовым шарыкам з пісталета і патрапіў ёй у вока. Пасля гэтага Аляксандр Лукашэнка загадаў „зачысціць усё да немагчымасці ў сістэме адукацыі”. Тады за тыдзень у краіне зачынілі восем прыватных школ.

Беларускі тэтрапак будуць выпускаць на Добрушскай папяровай фабрыцы

На найбуйнейшым айчынным прадпрыемстве папяровай галіны здолелі асвоіць выпуск кардона, неабходнага для ўпакоўкі тэтрапак, прычым асноўны аб’ём прадукцыі будзе забіраць адна расійская кампанія.

Як паведамляецца, Добрушская папяровая фабрыка “Герой працы” будзе выпускаць адмысловы кардон з праклейваннем унутры, які выкарыстоўваецца для тэтрапак-аў. Тэставыя партыі прадукцыі ўжо адправіліся ў Расію, Турцыю і Балгарыю. Аднак галоўным чынам кардон будзе адгружацца неназванай кампаніі з Маскоўскай вобласці – дамоўленасці прадугледжваюць пастаўкі ў памеры 3 тыс. тон у месяц.

У холдынгу „Беларускія шпалеры”, часткай якога з’яўляецца Добрушская папяровая фабрыка, адзначылі, што ў цэлым прадукцыя яго прадпрыемстваў працягвае быць запатрабаванай за мяжой дзякуючы перанакіраванню гандлёвых патокаў. Тым не менш адбылося зніжэнне колькасці экспартных напрамкаў: калі кардон летась пастаўляўся ў 35 краін свету, то цяпер сярод партнёраў засталіся толькі 10 дзяржаў. Асноўным рынкам збыту з’яўляецца Расія, куды ідзе 75 працэнтаў прадукцыі холдынгу, а яшчэ 15 працэнтаў прыпадае на Казахстан, Арменію, Азербайджан, Узбекістан.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: pixabay.com.