Беларусы ў траўні ўзялі ў доўг у банкаў больш за мільярд рублёў
У траўні беларусы ўзялі ў доўг у банкаў больш за мільярд рублёў, а дакладней мільярд 140 мільёнаў. Гэта на 140 млн рублёў больш, чым у красавіку. Пры гэтым у параўнанні з мінулым годам аб’ём крэдытавання ў траўні вырас на 78%. Пра гэта сведчыць статыстыка Нацыянальнага банка Беларусі.
А з пачатку года, за першыя пяць месяцаў, фізічныя асобы ўзялі ў банках крэдытаў на 4 мільярды 780 мільёнаў рублёў. Гэта на 45% больш, чым такі ж перыяд летась. Грошы бяруць у асноўным на спажывецкія патрэбы. Крэдыты на нерухомасць — гэта толькі шостая частка. Адпаведна вырасла і агульная запазычанасць. Пры гэтым аб’ём пратэрмінаванай запазычанасці застаецца невялікім, кажуць у Нацбанку.
Сярэдні заробак у Беларусі ў траўні склаў 1 861 рубель
Эксперты Еўразійскага банка развіцця звярнулі ўвагу на рост заробкаў у Беларусі – як намінальных, так і рэальных. На іх думку, у гэтым ёсць як і станоўчы момант, так і рызыка для эканомікі. Па дадзеных Белстата, сярэдні заробак у Беларусі ў траўні склаў 1 861 рубель. Гэта на 65 рубля больш, чым месяцам раней.
У Еўразійскім банку зазначаюць, што травеньскі рэальны заробак у Беларусі вырас на 14% гадавых.
– Гэта звязана як з павелічэннем заработнай платы ў намінальным выражэнні, так і з запаволеннем інфляцыі, – удакладняюць эксперты. На іх думку, павелічэнне зарплаты станоўча адбіваецца на дынаміцы рознічнага таваразвароту, які вырас на 5 працэнта гадавых. То бок, беларусы сталі больш купляць тавараў. Аднак рост заробкаў нясе і рызыкі для эканомікі, лічаць у Еўразійскім банку. «Пашырэнне спажывецкага попыту будзе фармаваць інфляцыйны ціск у другой палове года. Прагноз па інфляцыі – 7,8% па выніках года », – чакаюць эксперты.
Падаткавікі нагадалі беларусам аб транспартным падатку за 2022 год
Па-першае, яго трэба заплаціць да 15 лістапада бягучага года. Па-другое, па ім раней увялі дадатковыя льготы. Уладальнікам аўтамабіляў трэба заплаціць транспартны падатак за 2022-ы год да 15 лістапада, зазначаюць у інспекцыі МПЗ па Берасцейскай вобласці.
Нагадаем, памер транспартнага падатку будзе залежаць ад дазволенай максімальнай масы (напрыклад, легкавы ці грузавы аўтамабіль) і ёмістасці транспартнага сродку (той жа аўтобус). Таксама стаўку могуць вызначаць за адну адзінку транспартнага сродку (напрыклад, прычэп-дача, матацыкл, седлавы цягач). Падаткавікі ўдакладняюць, што з 2022 года дадаліся новыя льготы па транспартным падатку. Так, зніжка 50 працэнтаў прадугледжана не толькі для ветэранаў ВАВ, інвалідаў I або II групы і пенсіянераў, але таксама ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў і шматдзетных сем’яў.
На пражыванне ўдзельнікаў „Славянскага базару ў Віцебску” выдаткуюць больш за 160 тысяч рублёў
У большасці выпадкаў крыніца фінансавання – бюджэтныя сродкі, а ў некаторых – уласныя сродкі арганізатараў. На святлодыёдныя экраны і сістэмы падвесу запыталі 192 тысячы рублёў, на асвятляльнае абсталяванне – 99 тысяч. Сцэнічную пляцоўку маюць намер уладкаваць на вуліцы Пушкіна пад мерапрыемствы ў фармаце open-air.
32-і па ліку фестываль „Славянскі базар у Віцебску” пройдзе з 13 па 16 ліпеня. Першапачаткова ён задумваўся як агульнае культурнае мерапрыемства трох краін: Беларусі, Расіі, Украіны. Аднак сёлета як і ў мінулым, ніводны ўкраінскі выканаўца ў ім не ўдзельнічае. Іншаземцы з 73 краін, якія набылі квіток на фестываль, з 4 па 23 ліпеня могуць прыехаць у Беларусь без візы.
Беларускае Радыё Рацыя