Беларусы ўсё менш адкладаюць на “чорны дзень”



Дадзеныя пра выдаткі беларусаў па выніках мінулага года гавораць пра тое, што насельніцтва адкладае кожны дзявяты зароблены рубель. Іншымі словамі, доля ўкладаў і зберажэнняў у расходах насельніцтва складае 11,5 працэнтаў. У апошнія два гады назіраецца тэндэнцыя да зніжэння долі ўкладаў і зберажэнняў у расходах насельніцтва. І прычыны відавочныя.

Па-першае, зніжэнне даходаў на фоне росту цэн у мінулым годзе заканамерна знізіла імкненне людзей нешта адкладаць “на чорны дзень”. Па-другое, давер да банкаўскай сістэмы і вера ў перспектывы росту мясцовага бізнесу, у які можна было б укласці грошы, цяпер нізкая.

Дарэчы, найбольш адкладаюць жыхары Менскай вобласці (14,3 працэнта летась), у той час як жыхары Магілёўскай вобласці здольныя адкладаць толькі 8,4 працэнта, паведамляе тг “Нашы грошы”.

Эканамічны суд ліквідаваў выдавецтва Змітра Коласа

Беларуская асацыяцыя журналістаў паведамляе, што з падачы Міністэрства інфармацыі эканамічны суд ліквідаваў выдавецтва Змітра Коласа.

“У матывіровачнай частцы адсутнічалі ўцямныя тлумачэнні, на чым грунтуецца незадаволенасць выдаўцом-прыватнікам з боку дзяржавы. Бо, нават сыходзячы з аб’ектыўных рэалій, відавочна: дзякуючы Змітру Коласу кніжны рынак Беларусі ўжо больш за тры дзясяткі гадоў напаўняецца лепшымі ўзорамі сусветнай літаратуры, перакладзенай на беларускую мову..”, – паведамляе БАЖ.  Такім чынам, пасля амаль 35 гадоў выдавецкай працы Зміцер Колас вымушаны згарнуць дзейнасць. Аднак выдавец мае час, каб падаць апеляцыю і тым самым адтэрмінаваць уступленне прысуду ў сілу.

На сусветны рынак калію ідзе новы моцны гулец

Канада, Беларусь і Расія здабывалі львіную долю калійных угнаенняў у свеце. Зараз да іх мае далучыцца Габон, радовішча там гіганцкае, і распрацоўваць яго будуць канадцы. Канадская горназдабыўная кампанія Millennial Potash набыла афрыканскі калійны праект Banio, які распрацоўвае адно з найбуйнейшых у свеце радовішчаў калію.

Праект Banio ахоплівае 1238 квадратных кіламетраў тэрыторыі Габона, на якой змяшчаецца 1,7 мільярда тон калійных прыродных соляў, якія адпавядаюць міжнародным стандартам якасці.  Гэтае велізарнае радовішча мае стратэгічна зручнае размяшчэнне на ўзбярэжжы Атлантычнага акіяна, што патанняе і спрашчае дастаўку калію сусветным спажыўцам. Акрамя гэтага, на тэрыторыях радовішча ўжо ёсць неабходная інфраструктура для здабычы калійных угнаенняў.

78% бежанцаў з Украіны ў Польшчы працуе

Выданне Rzeczpospolita на першай паласе піша пра эканамічную актыўнасць украінцаў у Польшчы. Мігранты з іншых дзяржаў не маюць такіх добрых умоў прабывання, як бежанцы з Украіны. Дзякуючы гэтаму, а таксама ў выніку блізкасці культур двух народаў, так шмат украінцаў у Польшчы працуе – каля 78%. У тым ліку палова з іх высылае грошы сваякам, якія засталіся ва Украіне.

Выданне прыводзіць вынікі справаздачы, падрыхтаванай, у прыватнасці, агенцтвам працаўладкавання EWL і Варшаўскім універсітэтам. Пакуль што, як вынікае са справаздачы, толькі кожны трэці апытаны знайшоў працу згодна сваёй адукацыі. Гэта вельмі распаўсюджаная праблема сярод мігрантаў, праўда, асабліва яна датычых тых, хто прыехаў з далёкіх краін.

Беларускае Радыё Рацыя.