Беларусы вачыма чарнігаўскага рыэлтара
Беларусы, якія рэгулярна наведваюць чарнігаўскія рынкі па выходных, – толькі бачная частка вялізнага айсберга нашых сумежных кантактаў. Нашыя землякі адкрываюць ва Украіне свае бізнесы, прыязджаюць сюды да сяброў, святкуюць памятныя даты, а некаторыя нават хаваюцца тут ад беларускіх уладаў.
Тыя беларусы, якія затрымліваюцца ў Чарнігаве на некалькі дзён, спыняюцца ці ў гатэлях, ці на здымных кватэрах, якія шукаюць праз шматлікія рыэлтарскія агенцтвы.
Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з супрацоўніцай адной з такіх фірмаў Аляксандрай Калінінай.
Аляксандра Калініна: Наш галоўны кліент – гомельскі беларус. Ёсць тры катэгорыі людзей, якія здымаюць тут кватэры. Па-першае, прыехаў на рынак, купіў не ўсё, што хацеў, ці зламілася машына, ці захацеў агледзіць горад, а таму вырашыў пераначаваць. Па-другое, гэта людзі, якія прыязджаюць сюды “адцягнуцца”, ці нават адсвяткаваць у Чарнігаве якую ўрачыстасць. Гэта танней у некалькі разоў, чым у Гомелі. Трэцяя катэгорыя – студэнты, адсвяткаваць заканчэнне сесіі. Тут і выпіўка таннейшая, і парадкі больш талерантныя…
РР: А хто, акрамя беларусаў, яшчэ вашыя кліенты?
Аляксандра Калініна: Гэта людзі, якія прыехалі з Данбасу. Мажліва, ёсць сярод іх і прыстойныя людзі, але часцей за ўсё трапляюцца здаравузныя дзядзькі, якім трэба быць на фронце, а не хавацца ў нашым горадзе ад мабілізацыі. У нас злачыннасць значна перавысіла тыя паказчыкі, якія былі колькі годоў таму. Гэта тэма не надта прыемная і для рыэлтараў, і для арэндадаўцаў, і для грамадзянаў.
РР: Такім людзям не надта хочуць здаваць кватэры?
Аляксандра Калініна: Гаспадары кватэр ці прыватных дамоў ставяць умову: “толькі нашым”. Хутчэй кватэру здадуць туркам, у якіх багата бізнесаў у Чарнігаве, чым такім.
РР: То бок, атрымліваецца, што нават гомельскія беларусы, якіх шмат хто ўважае “ватнікамі”, куды культурнейшыя за данецкіх украінцаў?
Аляксандра Калініна: Тут размова не пра беларусаў і не пра ўкраінцаў. Канфлікт у Данбасе – не канфлікт нацый, а канфлікт менталітэтаў. Так, нават вашыя беларускія ватныя ідыёты – лепшыя. Быў выпадак чатыры гады таму: вельмі багаты чалавек, дэпутат Вярхоўнай Рады ад “Партыі Рэгіёнаў”, здымае пасутачна за 500 еўра кватэру праз наша агенцтва.
РР: Для Чарнігава 500 еўра – гэта вялікія грошы?
Аляксандра Калініна: Двухмесячная зарплата ў нашым горадзе. Прыехаў той “перац” з Кіева з аховай на джыпах. Я да яго на дзяржаўнай мове звяртаюся, а ён мне – “слыш, я не бандеровец, по-человечески говори!” І яго асабісты кіроўца, апрануты, як і гаспадар, толькі ў паношанае, відаць, “з панскага пляча”, дык ён звінціў у нас кран у ваннай за 40 даляраў і нават рулон туалетнай паперы за 5 грыўняў скраў… Але ж яны фармальна былі ўкраінцамі і з украінскімі прозвішчамі!
РР: А беларусы ў здымных кватэрах не крадуць?
Аляксандра Калініна: За ўвесь час я не бачыла аніводнага беларуса, які б нешта ў здымнай кватэры скраў. Некаторыя нават за сабою пустыя пляшкі зносяць, хаця ў нас прыбіральшчыца ёсць. Я аднойчы такога спыталася – “а нашто вы такое робіце?” Ведаеце, што ён мне сказаў? “Я ж яшчэ ў Чарнігаў прыеду, мо і ў вас кватэру буду здымаць. Але ж беларусы падаюцца мне вельмі зляканымі. Прыязджаюць, я ж іншым разам пытаюся ў сталых кліентаў: “Як там справы ў Беларусі, як ваш Прэзідэнт?” А яны адразу замыкаюцца і кажуць: “Давайце пагаворым пра што заўгодна, толькі не пра палітыку!” Напэўна, яны сюды і прыязджаюць, каб удыхнуць свежага паветра.
У сярэднім за месяц толькі ў Чарнігаў прыязджае каля 10 000 грамадзянаў Беларусі. Паводле афіцыйнай статыстыкі, нашыя землякі штомесяц прывозяць у горад каля 600 000 даляраў, што складае 13% гарадскога бюджэту.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара