Беларусы вымушаны будуць перайсці на сістэму кропельнага паліву
Кліматычныя змены прымусіць пераходзіць беларусаў на кропельнае паліванне агародаў і садоў як у Ізраілі. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміў намеснік кіраўніка навукова-практычнага цэнтру Акадэміі навук па земляробстве Дзмітры Лужынскі. Паводле навукоўца, сучасная беларуская сельская гаспадарка адчувае недахоп вады – гэты выклікана як асушэннем балот у 20-м стагоддзі, так і ўвогуле кліматычнымі зменамі апошніх дзесяцігоддзяў.
– Усё ж такі выкарыстанне традыцыйнага паліву распырскваннем – гэта ўжо ўчарашні дзень. Неабходна пераходзіць на сістэму кропельнага паліву як гэта зрабілі тыя краіны, у якіх хранічна не хапае вады, – той жа Ізраіль. Гэта рэзка зменшыць затраты на паліў, і тады нават не трэба задумвацца пра тое, каб кожнаму рабіць сваю свідравіну на лецішчы.
Буйным гаспадаркам навукоўцы прапаноўваюць выкарыстоўваць вялікія вадаёмы для паліву. Але ні ў якім разе не падземныя крыніцы – бо гэта прывядзе яшчэ да большага дэфіцыту вады ў Беларусі.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя