Беларусы з пачатку года прадалі банкам наяўнымі на $1,5 млрд больш, чым купілі



Паводле вынікаў верасня 2018 года ў Беларусі захавалася тэндэнцыя чыстага продажу фізічнымі асобамі наяўнай замежнай валюты. Насельніцтва застаецца чыстым прадаўцом больш як 30 месяцаў запар, сведчаць звесткі Нацыянальнага банка.

За студзень—верасень насельніцтва прадало банкам наяўнай замежнай валюты на 5 млрд 763,6 млн долараў у эквіваленце, а купіла ў банкаўскіх установах — 4 млрд 270,5 млн долараў. Такім чынам, чысты продаж наяўнай замежнай валюты фізічнымі асобамі склаў 1 млрд 493,1 млн долараў.

З улікам безнаяўнай валюты чысты продаж валюты насельніцтвам быў крыху меншым — 1 млрд 82,2 млн долараў у эквіваленце. У студзені—верасні фізічныя асобы прадалі наяўнай і безнаяўнай валюты на 6 млрд 862,6 млн долараў у эквіваленце, купілі — 5 млрд 780,4 млн долараў.

Насельніцтва выступае чыстым прадаўцом замежнай валюты з пачатку 2016 года. Эканамісты тлумачаць гэта тым, што за кошт раней назапашаных зберажэнняў людзі імкнуцца падтрымліваць спажыванне на больш высокім узроўні, чым можна разлічваць з улікам наяўных даходаў. За 2016 год насельніцтва прадало наяўнай замежнай валюты на 2,4 млрд больш, чым купіла, а летась чысты продаж наяўнай замежнай валюты фізічнымі асобамі склаў 2 млрд 220 млн долараў.

Разам з тым у сувязі з апераджальным ростам попыту на замежную валюту у 2018 годзе насельніцтва знізіла чысты продаж замежнай валюты. Беларускія эканамісты тлумачаць павелічэнне попыту фізічных асоб на замежную валюту сёлета ростам іх даходаў.

belapan.by