Беларусы з пачатку года прадалі больш, чым купілі, на 900 млн даляраў



У студзені-ліпені насельніцтва Беларусі прадало замежнай валюты на 923,8 млн даляраў больш, чым купіла, сведчаць дадзеныя Нацыянальнага банка.

У студзені-ліпені фізічныя асобы купілі замежнай валюты (наяўнай і безнаяўнай) на ўнутраным рынку на 4 млрд 364,1 млн даляраў, прадалі — на 5 млрд 287,2 млн даляраў.

У параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года насельніцтва павялічыла куплю замежнай валюты ў наяўнай і безнаяўнай форме на 27,1%, продаж — на 13,1%.

У сувязі з апераджальным ростам попыту на замежную валюту насельніцтва знізіла чысты продаж замежнай валюты з 1 млрд 242,2 млн даляраў у студзені—ліпені 2017-га да 923,8 млн даляраў у студзені—ліпені 2018 года, або на 25,6%.

Беларускія эканамісты тлумачаць павелічэнне попыту фізічных асоб на замежную валюту сёлета ростам даходаў насельніцтва. Так, у чэрвені 2018 года сярэдняя зарплата ў Беларусі ў параўнанні з чэрвенем мінулага года вырасла на 15,2% да 953,7 рубля.

На думку банкіраў, рост зарплат прывядзе да таго, што аб’ём замежнай валюты, якую зможа сёлета выкупіць Нацыянальны банк на ўнутраным рынку, знізіцца ў параўнанні з мінулым годам. „Хутчэй за ўсё, уладам атрымаецца выкупляць лішак валюты на ўнутраным рынку, але ў меншых аб’ёмах у параўнанні з мінулым годам”, — мяркуе суразмоўца БелаПАН у банкаўскіх колах, які аналізаваў сітуацыю на ўнутраным валютным рынку.

Пры гэтым велічыня попыту і прапановы замежнай валюты, удакладніў ён, да канца года будзе залежаць ад унутраных і знешніх фактараў. „Унутраны фактар, які будзе ўплываць на стан валютнага рынку, — палітыка дзяржавы ў галіне зарплат, знешні — геапалітычная абстаноўка, якая праз Расію будзе традыцыйна ўплываць на нас”, — мяркуе эксперт.

Нагадаем, у 2018 годзе Нацыянальны банк замежную валюту, якую выкупляў у насельніцтва, накіроўваў на пагашэнне назапашаных даўгоў перад камерцыйнымі банкамі. Паводле даных рэгулятара, за мінулы год доўг Нацбанка перад камерцыйнымі банкамі скараціўся прыкладна на 800 млн даляраў і ў пачатку 2018 года рэгулятар заставаўся вінен камерцыйным банкам каля 1,5 млрд долараў.

belapan.by