Беларусы заключылі ў Турцыі пагадненні больш як на 2 млн еўра



Беларускія нафтахімічныя прадпрыемствы заключылі пагадненні больш як на 2 млн еўра на міжнароднай тэкстыльнай выстаўцы Yarn Fair, якая праходзіла 27-29 лютага ў Стамбуле. Аб гэтым паведамілі на прадпрыемстве „Белінтэрэкспа” Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.

Па выніках работы экспазіцыі „СветлагорскХімвалакно” падпісаў спецыфікацыі да кантрактаў на пастаўку прадукцыі на суму 500 тыс. еўра, „Полацк-Шкловалакно” заключыў пратаколы аб намерах з турэцкімі кампаніямі на агульную суму 850 тыс. еўра, а філіял „Завод Хімвалакно” ААТ „Гродна Азот” дамовіўся аб пастаўках у 2020 годзе на турэцкі рынак каля 1,5 тыс. т поліамідных ніцей.

„Магілёўхімвалакно” прадставіла на выстаўцы навінку – поліэфірнае валакно тыпу „канжугейт”, якое выкарыстоўваецца ў якасці напаўняльніка, а таксама шырокі асартымент поліэфірных валокнаў, ніцей і джгутоў.

Тэрмаўстойлівыя ніці „Арселон”, якія не маюць аналагаў у свеце, прэзентавала прадпрыемства „СветлагорскХімвалакно”. Інавацыйнае валакно не гарыць, не плавіцца, мае максімальную трываласць і высокую ўстойлівасць да гідролізу. Унікальныя ніці могуць прымяняцца для пашыву спецадзення і тэкстылю для атэляў, а таксама пры вытворчасці шлангаў, шын і высокатэмпературных фільтраў.

Шырокі асартымент сінтэтычных валокнаў і ніцей, а таксама поліаміду-6 і палімерных кампазіцыйных матэрыялаў на яго аснове прадэманстраваў філіял „Завод Хімвалакно” ААТ „Гродна Азот”.

Кампанія „Полацк-Шкловалакно” прадставіла шырокі спектр прадукцыі на аснове шкловалакна: электраізаляцыйныя шклотканіны, базальтавае валакно, высокатэмпературныя крэменязёмныя матэрыялы, шкланіці і ровінгі, якія прымяняюцца для электраізаляцыйнай абмоткі правадоў і пры вытворчасці тканін і стужак.

Завод „Палімір” ААТ „Нафтан” прэзентаваў на выстаўцы акрылавыя валокны, якія выкарыстоўваюцца пры вытворчасці пражы, штучнага футра, гардзінных, трыкатажных, дывановых вырабаў, абівачных, нятканых і іншых матэрыялаў.

Аператарам беларускай экспазіцыі выступіла выставачнае прадпрыемства „Белінтэрэкспа”.

belta.by