Беларусы здалі ў банкі амаль на 62 млн даляраў больш, чым набылі
У Беларусі ў студзені-лютым фізічныя асобы прадалі (у наяўнай і безнаяўнай форме) замежнай валюты амаль на 62 млн даляраў больш, чым купілі, сведчаць дадзеныя Нацыянальнага банка.
У прыватнасці, за два месяцы насельніцтва Беларусі прадало банкам наяўнай і безнаяўнай валюты на 1 млрд 352 млн даляраў, а купіла — 1 млрд 290,2 млн даляраў.
Такім чынам, чысты продаж замежнай валюты з пачатку года склаў 61,7 млн даляраў.
Насельніцтва ў апошнія гады выступала чыстым прадаўцом замежнай валюты, што дазваляла дзяржаве выкупляць гэтыя сродкаў і накіроўваць іх на выплаты па дзярждоўгу. Разам з тым у апошнія гады аб’ёмы чыстага продажу замежнай валюты фізічнымі асобамі памяншаліся.
Так, у 2018 годзе насельніцтва на чыстай аснове прадало (у наяўнай і безнаяўнай форме) замежнай валюты на 1,11 млрд даляраў. У параўнанні з 2017 годам фізасобы скарацілі чысты продаж замежнай валюты амаль на 37%.
Як адзначаюць у Нацбанку, скарачэнне продажу замежнай валюты насельніцтвам стварае дадатковую турбулентнасць для курса беларускага рубля.
„Калі чысты попыт з боку суб’ектаў гаспадарання з’яўляецца досыць устойлівым, то чыстая прапанова з боку насельніцтва, як паказаў верасень 2018 года, можа досыць хутка знікнуць, ствараючы тым самым дадатковую турбулентнасць на ўнутраным валютным рынку для курса нацыянальнай валюты”, — заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка Дзмітрый Мурын ў лістападзе на пашыраным пасяджэнні праўлення банка.
belapan.by