Беларусы з’язджаюць за мяжу, рызыкуючы папоўніць шэрагі „дармаедаў”
У Беларусі за апошні год прыкметна вырасла колькасць тых, хто адправіўся на заробкі. У трэцім квартале года за мяжой працавалі 108 тысяч 800 чалавек, вынікае з дадзеных выбарачнага абследавання Белстатам хатніх гаспадарак для вывучэння праблем занятасці насельніцтва. Гэта на 10% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года, піша TUT.BY.
У статыстыцы ўлічваюцца тыя, хто працаваў за мяжой да года. Улады маюць намер, да прыкладу, падняць зарплаты медыкам, каб тыя не з’язджалі з краіны, але памятаем, чым скончыліся абяцанні павысіць заробкі будаўнікоў: іх спачатку паднялі пасля патрабавання прэзідэнта, а потым знізілі.
Пры гэтым большасць тых, хто зʼехаў на заробкі ў трэцім квартале года, «аселі» у Расеі – 75%. Але гэты паказчык скарачаецца. Па дадзеных дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў, за першыя дзевяць месяцаў года на заробкі за мяжу выехалі больш за 7 тысяч чалавек. У статыстыцы дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС гаворка ідзе пра тых беларусаў, якія выязджаюць на працу за мяжу пры садзейнічанні юрыдычных асоб ды індывідуальных прадпрымальнікаў, у якіх ёсць ліцэнзія на ажыццяўленне дзейнасці, звязанай з працаўладкаваннем за межамі Беларусі. Тыя, хто зʼехаў самастойна, у гэтай статыстыцы не ўлічваюцца.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя