„Белавія” атрымала першы з пяці новых самалётаў Embraer
Авіякампанія „Белавія” ўводзіць у склад свайго паветранага флота новыя самалёты Embraer бразільскай вытворчасці.
Як паведаміла БелаПАН прэс-служба авіякампаніі, 20 красавіка ў нацыянальным аэрапорце Мінск прызямліўся самалёт Embraer 195 з завода-вытворцы (Сан-Жазэ-дус-Кампус, Бразілія) у новай ліўрэі „Белавія”, а 21 красавіка прызямліцца другі новы самалёт — Embraer 175.
Паветраныя судны пастаўляюцца ў рамках дагавора паміж ААТ „Авіякампанія „Белавія” і ірландскай лізінгавай кампаніяй Nordic Aviation Capital Dac аб лізінгу пяці новых самалётаў Embraer: трох — Embraer 195 і двух — Embraer 175. Пастаўка трэцяга паветранага судна E195 чакаецца ў канцы красавіка 2019 года. Чацвёрты і пяты самалёты будуць пастаўленыя ў снежні 2019-га і красавіку 2020 года.
Як адзначылі ў „Белавія”, сучасныя Embraer цалкам адпавядаюць запытам інтэнсіўнага росту пасажырапатоку авіякампаніі і ў будучыні цалкам заменяць невялікія CRJ. Embraer-195, які прыбыў сёння, разлічаны на перавозку 107 пасажыраў у двухкласнай канфігурацыі: 11 месцаў у салоне бізнес-класа і 96 у эканамклассе. Embraer 175, які прыбудзе 21 красавіка, разлічаны на перавозку 76 пасажыраў у двухкласнай канфігурацыі: 12 месцаў у салоне бізнес-класа і 64 у эканамкласе. Першы камерцыйны рэйс новыя авіялайнеры зробяць ўжо 23 красавіка пасля завяршэння ўсіх мытных і тэхнічных працэдур.
Новыя самалёты плануецца выкарыстоўваць практычна на ўсіх рэйсах маршрутнай сеткі беларускай авіякампаніі. Так, напрыклад, ужо ў панядзелак, 22 красавіка, „Белавія” адкрывае прамыя рэйсы ў аэрапорт Шарамецьева (Масква), а 30 траўня — у Талін, дзе якраз будуць выкарыстоўвацца дадзеныя тыпы паветраных суднаў.
Авіякампанія адзначае, што гэтыя самалёты маюць высокую паліўную эфектыўнасць. „Белавія” разлічвае, што павелічэнне колькасці паветраных суднаў дадзенага тыпу дазволіць і далей рэалізоўваць стратэгію па планамерным зніжэнні цэн на авіяперавозкі.
Лайнер з завода-вытворцы пераадолеў 12.000 кіламетраў з горада Сан-Жазэ-дус-Кампус, правёўшы больш за 16 гадзін у палёце, змяніўшы 4 кліматычныя зоны, паспеўшы перасячы 6 гадзінных паясоў.
„Белавія” — найбуйнейшы авіяперавозчык краіны. Месціцца ў нацыянальным аэрапорце Мінск і ажыццяўляе рэгулярныя рэйсы ў 52 аэрапорты 28 краін Еўропы і Азіі. Створаная 5 сакавіка 1996 года. З 1997 года з’яўляецца сапраўдным членам Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту (IATA), з 2010-га — членам Асацыяцыі еўрапейскіх рэгіянальных авіякампаній (ERAA). Флот авіякампаніі налічвае 29 паветраных суднаў (пяць Boeing 737-800, шэсць Boeing 737-500, сем Boeing 737-300, тры Embraer 175, чатыры Embraer 195, чатыры CRJ 100/200).
belapan.by