„Белавія” ажыццявіла першы рэйс у Талін



Авіякампанія „Белавія” 30 траўня ажыццявіла першы рэгулярны рэйс з нацыянальнага аэрапорта Менск у Талінскі аэрапорт імя Ленарта Мэры.

На борце самалёта, які вылецеў у 8.50 па менскім часе, было 62 пасажыры. На зваротны рэйс са сталіцы Эстоніі ў 10.45 зарэгістраваныя 69 чалавек. Сярод пасажыраў першага рэйса былі ў тым ліку тыя, хто рушыць транзітам у Абу-Дабі, Баку, Бялград, Ніжні Ноўгарад і Краснадар.

Перад палётам намеснік генеральнага дырэктара „Белавія” Ігар Чаргінец паведаміў БелаПАН, што адкрыццё рэйса ў Талін шмат у чым звязанае з жаданнем забяспечыць транзіт пасажыраў цераз Менск у эстонскую сталіцу і наадварот.

„Ёсць спецыяльныя праграмы для аналізу існых пасажырапатокаў на аснове звестак глабальных дыстрыбутыўных сістэм, груба кажучы, сістэм бранавання, — сказаў ён. — Гэтыя звесткі купляюцца і аналізуюцца. Гэта значыць, напрыклад, можна паглядзець, як пасажыры купляюць квіткі розных авіякампаній з перасадкамі ў розных аэрапортах пры палётах у Талін. Гэта тычыцца наогул усіх рэйсаў. Адпаведна, там глядзяць патокі і разглядаецца мэтазгоднасць адкрыцця таго ці іншага рэйса”.

„Там жа можна аналізаваць і транзітныя патокі, — дадаў прадстаўнік авіякампаніі. — Калі проста паглядзець на прамы пасажырапаток па маршруце Менск — Талін, то для адкрыцця рэйса гэтага патоку адназначна недастаткова. Чаму мы туды ідзем? Таму што мы на працягу многіх гадоў займаемся развіццём Менска і сваёй авіякампаніі за кошт транзітных пасажыраў, якія ляцяць цераз Менск. У гэтым выпадку мы аналізавалі, якія кампаніі яшчэ лятаюць і як пасажыры лятаюць у Талін, што мы можам з гэтага атрымаць. У прынцыпе ўжо ёсць першыя вынікі — першыя транзітныя пасажыры сёння ляцяць нашым рэйсам цераз Менск”.

Паводле слоў Чаргінца, на найбліжэйшыя рэйсы па новым маршруце таксама купілі квіткі пасажыры, што рушаць транзітам у (з) Алматы, Нур-Султан, Батумі, Тбілісі, Кішынёў, Маскву, Санкт-Пецярбург. „Нават з Варшавы ёсць, нягледзячы на тое што ў іх з Талінам зносіны досыць інтэнсіўныя”, — сказаў ён.

„Логіка адкрыцця апошніх рэйсаў менавіта ў гэтым. Што да перспектыў, можна сказаць, што мы амаль вычарпалі магчымасці адкрыцця рэйсаў толькі дзякуючы прамым пасажырам — з пункта ў пункт. Адкрыццё рэйсаў па новых напрамках — гэта мастацтва, звязанае з транзітам. Транзіт нам патрэбен — гэта будучыня, мы з гэтым працуем. За кошт транзіту і будуць з’яўляцца новыя напрамкі. І гэта таксама будзе вельмі выгадна прамым пасажырам у Беларусі”, — перакананы намеснік гендырэктара „Белавія”.

Рэйсы ў Талін будуць здзяйсняць чатыры разы на тыдзень: па панядзелках і чацвяргах — у 8.50, па аўторках і суботах — у 15.50. Зваротныя палёты ў Менск — па панядзелках і чацвяргах у 10.45, па аўторках і суботах — у 17.45. Час палёту — адна гадзіна. Кошт квіткоў у адзін бок з улікам таксаў і збораў пачынаецца ад 93 еўра, туды і назад — ад 178 еўра.

belapan.by