„Белавія” пачала рэйсы Менск — Кішынёў



Авіякампанія „Белавія” 30 кастрычніка выканала першы рэгулярны рэйс па новым маршруце Менск — Кішынёў — Менск.

Як паведамляе прэс-служба авіяперавозчыка, у ліку пасажыраў на рэйсе Кішынёў — Менск у сталіцу Беларусі прыбыла дэлегацыя на чале з прэм`ер-міністрам Рэспублікі Малдова Паўлам Філіпам для ўдзелу ў сустрэчы асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы ў Менску.

„У пасольства Беларусі ў Малдове паступалі шматлікія звароты прадстаўнікоў дзелавых колаў, арганізацый беларускай дыяспары ў Малдове, простых грамадзян з просьбай спрыяць у адкрыцці прамога авіярэйса паміж Менскам і Кішынёвам”, — пракаментаваў пасол Беларусі ў Рэспубліцы Малдова Сяргей Чычук.

Паводле яго слоў, пытанне адкрыцця прамых авіяцыйных зносін паміж сталіцамі Беларусі і Малдовы прапрацоўвалася на ўзроўні кіраўнікоў урадаў, сустаршыняў беларуска-малдаўскай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, зацікаўленых органаў дзяржаўнага кіравання, авіякампаніі „Белавія”.

Палёты ў сталіцу Малдовы будуць ажыццяўляцца пяць разоў на тыдзень. Вылеты з Менска ў 13.00 па аўторках, чацвяргах і нядзелях, у 8.00 — па панядзелках і пятніцах. З Кішынёва самалёты будуць вылятаць у 14.05 па аўторках, чацвяргах і нядзелях і ў 9.05 — па панядзелках і пятніцах, а прыбываць у нацыянальны аэрапорт Менск — у 16.30 і 11.30 адпаведна.

Час у дарозе — прыкладна паўтары гадзіны. Кошт палёту ў адзін бок — ад 83 еўра, туды-назад — ад 153 еўра.

Плануецца, што палёты будуць ажыццяўляцца на самалётах тыпу Embraer 175 ёмістасцю 64 пасажыры ў эканамкласе і 12 — у бізнес-класе. Улічваючы высокую загрузку першага рэйса, Embraer 175 быў заменены на больш ёмісты Embraer 195 (107 крэслаў).

Кішынёў стаў 51-м рэгулярным напрамкам авіякампаніі „Белавія”, а Малдова — 28-й краінай у геаграфіі палётаў беларускага перавозчыка.

З адкрыццём новага рэйса бакі разлічваюць на імпульс для развіцця турызму, бо абодва бакі маюць багатую культурную і прыродную спадчыну. У прапрацоўцы знаходзяцца пытанні правядзення інфармацыйных тураў у Малдове і Беларусі для прадстаўнікоў турбізнесу і прэсы, адзначае „Белавія”.

belapan.by