БелАЗ атрымаў кампенсацыю ад расейскай кампаніі „ГК Веліс”
Рашэннем Арбітражнага суда Ніжагародскай вобласці задаволены ў поўным аб’ёме іскавыя патрабаванні ААТ „БелАЗ – кіруючая кампанія холдынга „БелАЗ-Холдынг” аб спагнанні з расейскай кампаніі „ГК Веліс” кампенсацыі за незаконнае выкарыстанне таварнага знака „БЕЛАЗ”. Такая інфармацыя размешчана на сайце беларускага прадпрыемства.
Кампенсацыя складае 200 тыс. расейскіх рублёў.
Раней кампанія „ГК Веліс” трапіла ў поле зроку праваахоўных органаў у сувязі з рэалізацыяй кантрафактных запасных частак да кар’ернай тэхнікі і незаконным выкарыстаннем таварнага знака „БЕЛАЗ”, за што была аштрафавана на 50 тыс. расейскіх рублёў. Гэты факт быў улічаны пры разглядзе справы па іску аб спагнанні кампенсацыі.
Права на таварны знак з’яўляецца выключным. Гэта азначае, што ніхто не мае права без дазволу праваўладальніка выкарыстоўваць падобныя з яго таварным знакам абазначэнні ў адносінах да тавараў, для індывідуалізацыі якіх таварны знак зарэгістраваны, або аднародных тавараў, калі ў выніку такога выкарыстання ўзнікае верагоднасць змешвання. За парушэнне выключнага права прадугледжана не толькі грамадзянска-прававая, але і адміністрацыйная, крымінальная адказнасць.