БелАЗ паставіць у Індыю 96 кар’ерных самазвалаў



ААТ „БелАЗ” і індыйская кампанія Coal India Limited заключылі кантракт на пастаўку 96 кар’ерных самазвалаў грузападымальнасцю 220 тон, паведаміла прэс-служба беларускага прадпрыемства.

Дакумент быў падпісаны падчас візіту міністра прамысловасці Пятра Пархомчыка і генеральнага дырэктара ААТ „БелАЗ” Сяргея Нікіфаровіча ў горад Калката.

Згодна з дамоўленасцямі, першая партыя 220-тоннікаў з шасці машын будзе адгружаная на адрас Coal India Limited, найбуйнейшай вуглездабыўной кампаніі свету, у першым — пачатку другога квартала 2021 года.

Летась БелАЗ паставіў Coal India Limited 77 кар’ерных самазвалаў БелАЗ-75137 грузападымальнасцю 136 тон. Больш за 40 машын ужо сабраныя і працуюць у адкрытым вугальным кар’еры Gevra. Мантаж, пусканаладачныя работы і ўвод у эксплуатацыю ажыццяўляюць спецыялісты Беларускага аўтамабільнага завода. У штаце Чхатысгарх, блізу кар’ера Gevra, ідзе будаўніцтва рэгіянальнага цэнтра тэхнічнай падтрымкі белазаўскіх машын, адзначыла прэс-служба.

ААТ „БелАЗ” — кампанія-кіраўнік холдынга „БелАЗ” — найбуйнейшы сусветны вытворца кар’ерных самазвалаў і транспартнага абсталявання для горназдабыўной і будаўнічай прамысловасці. Холдынг займае 30% сусветнага рынку кар’ерных самазвалаў асабліва вялікай грузападымальнасці. Пастаўляе тэхніку больш як у 80 краін.

belapan.by