БелАЗ павялічыў экспарт прадукцыі амаль удвая
Аб’ём экспарту прадукцыі ААТ „БелАЗ” у студзені-кастрычніку 2017 года ў дачыненні да аналагічнага леташняга перыяду павялічыўся на 93,8%, паведаміла прэс-служба прадпрыемства.
За 10 месяцаў прадукцыя пастаўлена ў 28 краін. На экспарт ідзе каля 96% агульнага аб’ёму вытворчасці. У краіны СНД (без Расеі) экспарт вырас у 2,3 разу, у Расею — у 1,9 разу, у далёкае замежжа — у 1,5 разу.
У пяцёрку вядучых спажыўцоў белазаўскай тэхнікі ўваходзяць Расея, Узбекістан, Зімбабвэ, Казахстан і Украіна. З краін далёкага замежжа адзначаны буйныя пастаўкі ў Марока, Боснію і Герцагавіну, Анголу.
Агульны аб’ём адгрузкі ў грашовым выражэнні прыкладна на траціну перавышае ўзровень ўсяго мінулага года. Паказчык сумарнай грузападымальнасці прададзеных кар’ерных самазвалаў вырас амаль у два разы — з 43,7 да 83 тысяч тон, а сярэдняя грузападымальнасць самазвала — з 89 да 113 тон. „Гэта павелічэнне ў вялікай ступені звязана са значным ростам адгрузкі менавіта машын грузападымальнасцю 90 тон і вышэйшай: амаль у 2 разы (у натуральным выражэнні) у параўнанні з аналагічным перыядам 2016-га і на 174 адзінкі больш, чым за ўвесь мінулы год”, — растлумачылі ў прэс-службе.
У студзені—кастрычніку 2017 года прырост аб’ёмаў вытворчасці ў дзейных цэнах склаў 90,7% да аналагічнага перыяду 2016-га.
ААТ „БелАЗ” — кіруючая кампанія холдынгу „БелАЗ-холдынг” — найбуйнейшы сусветны вытворца кар’ерных самазвалаў вялікай і асабліва вялікай грузападымальнасці, а таксама іншага цяжкага транспартнага абсталявання, якое прымяняецца ў горназдабыўнай і будаўнічай галінах.
belapan.by