БелАЗ плануе стварыць зборачную вытворчасць у Расеі
БелАЗ прапрацоўвае пытанне аб стварэнні сваёй зборачнай вытворчасці ў Расеі.
Планы прадпрыемства былі абнародаваныя на VII Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі, які прайшоў у Менску на мінулым тыдні. Раней некаторыя тэлеграм-канал паведамілі аб поўным пераносе вытворчасці ў РФ.
Як паведамляе тэлеграм-канал жодзінскага прадпрыемства, гаворка ідзе аб стварэнні зборачнай вытворчасці кар’ерных самазвалаў серыі „БелАЗ-7558” грузападымальнасцю 90 тон. Аб поўным пераносе вытворчасці гаворкі не ідзе.
„Складаныя і дарагія вузлы ўласнай вытворчасці будуць па-ранейшаму праектавацца і вырабляцца на галаўным прадпрыемстве і прадпрыемствах, якія ўваходзяць у наш холдынг. Зніжэння сабекошту плануецца дасягнуць шляхам скарачэння лагістычных выдаткаў пры дастаўцы камплектуючых расійскай вытворчасці (доля якіх у складзе гэтай серыі самазвалаў досыць вялікая), а таксама выкарыстання механізмаў дзяржпадтрымкі новых высокатэхналагічных вытворчасцяў, якія рэалізуюцца ўрадам Расійскай Федэрацыі, а таксама рэгіянальнымі ўладамі”, — сказана ў паведамленні прадпрыемства.
Сабраныя самазвалы будуць прызначаныя для расійскіх прадпрыемстваў. У Расіі ўжо збіраюцца самазвалы японскай кампаніі Komatsu і амерыканскай кампаніі Caterpillar.
„Лакалізацыя зборачнай вытворчасці звязана з абвастрэннем канкурэнтнай барацьбы за рынак Расейскай Федэрацыі ў гэтым сегменце. Так, вытворцы аналагічнай тэхнікі з Японіі і ЗША маюць дзейныя зборачныя вытворчасці ў Яраслаўскай і Ленінградскай абласцях, што дазволіла ім значна знізіць кошт яе рэалізацыі для расійскага спажыўца”, — адзначылі ў ААТ „БелАЗ”.
Канчатковае рашэнне аб зборачнай вытворчасці будзе прымаць экспертная група. З улікам крызісных з’яў у вуглездабыўнай галіне, адсутнасці дадатковага фінансавання, а таксама эпідэміялагічнай сітуацыі БелАЗ разлічвае пачаць рэалізацыю праекта не раней чым у 2022 годзе.