БелАЗу паступілі прапановы пакупкі самазвалаў за крыптавалюту
БелАЗ працягвае вывучаць магчымасць рэалізацыі сваёй прадукцыі за крыптавалюты, паведамляе прэс-служба прадпрыемства.
10 студзеня ААТ „БелАЗ” — кіруючая кампанія холдынгу „БелАЗ-Холдынг” размясціла інфармацыю пра тое, што прадпрыемства з 11 да 30 студзеня разгледзіць прапановы аб рэалізацыі сваёй прадукцыі за крыптавалюту.
„Усе звароты, якія паступілі, былі ўважліва разгледжаны кіраўніцтвам прадпрыемства, а таксама прааналізаваны аналітычнай, фінансавай і эканамічнай службамі ААТ „БелАЗ”. Таксама атрыманы кампетэнтныя тлумачэнні з боку банкаўскіх структур Беларусі”, — адзначаюць на прадпрыемстве.
„У адпаведнасці з заканадаўствам нашай краіны правядзенне здзелак паміж юрыдычнай асобай і ўласнікам крыптавалют магчыма пры распрацоўцы дакументаў, якія рэгламентуюць і рэгулююць парадак ажыццяўлення аперацый з выкарыстаннем крыптавалют, і з’яўленні ў Беларусі аператара крыптаплатформ”, — гаворыцца ў паведамленні.
Падкрэсліваецца, што службы завода працягваюць вывучэнне рынку крыптавалют.
21 снежня Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 8 „Аб развіцці лічбавай эканомікі”. Дакумент стварыў прававыя ўмовы для правядзення ICO, выкарыстання крыптавалюты і ўкаранення смарт-кантрактаў. Такім чынам, Беларусь становіцца першай у свеце юрысдыкцыяй з комплексным прававым рэгуляваннем бізнесаў на аснове тэхналогіі блокчэйн. Дэкрэт не прадугледжвае ніякіх абмежаванняў і спецыяльных патрабаванняў да аперацый па стварэнні, размяшчэнні, захоўванні, адчужэнні, абмене токенаў, а таксама дзейнасці аператараў крыптаплатформ і аператараў абмену крыптавалют.
Большасць норм дэкрэта набудзе моц у сакавіку 2018 года. Да гэтага часу ўрад павінен падрыхтаваць шэраг нарматыўных дакументаў для рэалізацыі яго палажэнняў. Пры гэтым эксперты адзначаюць, што дэкрэтам да канца не растлумачаны многія пытанні, якія тычацца, у прыватнасці, правядзення ICO і выкарыстання крыптавалют.
БелАЗ за мінулы год павялічыў экспарт прадукцыі на 84,8% да ўзроўню 2016 года. У абсалютным выражэнні аб’ём экспарту павялічыўся на 349 млн долараў ЗША.
belapan.by