„Белджы” мае намер пашыраць спіс банкаў-партнёраў



СЗАТ „Белджы” мае намер пашыраць спіс банкаў-партнёраў для крэдытавання куплі аўтамабіляў на ўнутраным рынку, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску 1 лістапада першы намеснік міністра прамысловасці Генадзь Свідзерскі, адказваючы на пытанне БелаПАН.

Ён нагадаў, што ў завода дзейнічаюць дамоўленасці аб ільготным крэдытаванні куплі аўтамабіляў па стаўцы 3,9% гадавых з „Беларусбанкам”, „БПС-Ашчадбанкам” і „Белаграпрамбанкам.” Мы не абмяжоўваем гэты спіс, і ў нас на выхадзе дамова з „Народным банкам”. Тыя, хто гатовыя працаваць з намі эфектыўна і аператыўна, могуць стаць партнёрамі „Белджы”. Гэта наша стратэгія, і мы яе будзем рэалізоўваць”, — сказаў Свідзерскі, які выконвае абавязкі гендырэктара прадпрыемства.

На пытанне, ці атрымае працяг праграма з банкамі на наступны год, і калі не, то як гэта адаб’ецца на продажах, ён адказаў: „Вядома, паўплывае. У Расеі існуе маса праграм падтрымкі продажу айчынных аўтамабіляў. Без фінансавай падтрымкі не можа быць продажу такіх дарагіх прадуктаў. У нас пакуль няма ўзгодненага рашэння з нашымі банкамі-партнёрамі на наступны год, але я перакананы, што фінансавая праграма пры продажы аўтамабіляў заўсёды будзе. Справа ва ўмовах: мы іх зрабілі найлепшымі на рынку. Гэта лагічна для айчыннага аўтамабіля. У нас ёсць фінансавыя магчымасці, зыходзячы з рэалізацыі, прыбытку, зацікаўленасці банкаў. Будзем усё гэта ўлічваць і рыхтаваць праграму на наступны год. Без яе… на продаж гэта рэзка паўплывае, але думаю, што гэтага не адбудзецца”.

Свідзерскі нагадаў, што завод быў урачыста запушчаны ў лістападзе 2017 года, і за два гады прадпрыемства выпусціла 22 тыс. аўтамабіляў. „Сёлета нашы планы: 7 тыс. для ўнутранага рынку і 13 тыс. для расейскага рынку. Што да Беларусі — мы ідзем у плане: 5.200 ужо рэалізавалі, за астатні час спадзяемся прадаць яшчэ 1.800. Па Расіі — некаторае адставанне. Гэта звязана з жорсткай канкурэнцыяй і ўводам у строй новага завода таксама разам з кітайскімі партнёрамі. Але гэтыя выклікі прымушаюць працаваць яшчэ лепш і больш эфектыўна. На сёння ў Расію пастаўлена больш за 8 тысяч, зараз працуем у межах замоў”, — адзначыў першы намеснік міністра.

Ён нагадаў, што раней было заяўлена аб выпуску ў 2020 годзе 30 тыс. аўтамабіляў. „Цяпер мы падводзім вынікі 2019 года і будуем планы на наступны з нашымі кітайскімі партнёрамі. У снежні стануць зразумелыя нашы планы на наступны год”, — сказаў Свідзерскі.

Паводле яго слоў, спецыяльна да двухгоддзя прадпрыемства з 1 лістапада па 31 снежня запускаецца спецыяльная акцыя па зніжэнні цаны на дзве мадэлі: Geely Atlas у камплектацыі Luxury і Luxury LED з рухавіком 2,4 літра і Geely Emgrand X7 у камплектацыі Luxury і Flagship з рухавіком 2 літра.

Беларуска-кітайскае СЗАТ „Белджы”, якое выпускае легкавыя аўтамабілі пад маркай Geely, створанае ў 2011 годзе. Афіцыйнае адкрыццё беларуска-кітайскага прадпрыемства ў Барысаве адбылося ў лютым 2013 года. У тым жа годзе пачалася вытворчасць аўтамабіляў метадам буйнавузлавой зборкі. У 2015 годзе паміж Барысавам і Жодзіна пачалося будаўніцтва новай пляцоўкі па выпуску аўтамабіляў. 17 лістапада 2017 года з удзелам Аляксандра Лукашэнкі адбылося ўрачыстае адкрыццё новага завода „Белджы” і запуск серыйнай вытворчасці аўтамабіляў.

belapan.by