„БелДжы” пачне выпуск новай мадэлі красовера



Беларуска-кітайскае СЗАТ „БелДжы” пачне выпуск новай мадэлі Geely SX11 у пачатку 2020 года. Пра гэта паведамляецца на сайце прадпрыемства.

На беларускім і расейскім рынку дадзеная мадэль кампактнага красовера будзе пазіцыянавацца пад назвай Geely Coolray. Мадэль распрацавана Geely сумесна з Volvo на новай модульнай платформе BMA (B-segment Modular Architecture).

Дату запуску мадэлі і інфармацыю аб цэнах на Geely Coolray „БелДжы” абвесціць ў пачатку 2020 года.

Выконваючы абавязкі дырэктара СЗАТ „БелДжы”, першы намеснік міністра прамысловасці Генадзь Свідзерскі ў маі гэтага года ў ходзе прэс-тура падкрэсліваў, што Geely SX11 — „гэта добрая і запатрабаваная мадэль”.

Пры гэтым ён адзначаў, што серыйны выпуск красовера SX11, па ўсёй бачнасці, запатрабуе зняцця з вытворчасці нейкай мадэлі „БелДжы”, якія цяпер стаяць на канвееры. „Наўрад ці мы зможам чатыры мадэлі адначасова весці на канвееры. Не выключана, што ад якой-небудзь з іх давядзецца адмовіцца”, — меркаваў в.а. дырэктара прадпрыемства.

Афіцыйнае адкрыццё беларуска-кітайскага прадпрыемства СЗАТ „БелДжы”, якое выпускае пад Барысавам (Мінская вобласць) легкавыя аўтамабілі пад маркай Geely, адбылося ў лютым 2013 года. У тым жа годзе пачалася вытворчасць аўтамабіляў метадам буйнавузлавой зборкі. 17 лістапада 2017 года адбылося ўрачыстае адкрыццё новага завода „БелДжы” і запуск серыйнай вытворчасці аўтамабіляў. Зараз на прадпрыемстве выпускаюць красоверы Geely Atlas, Emgrand X7 New і седан Geely Emgrand 7 New.

За два гады завод вырабіў 22 тыс. аўтамабіляў. Раней было заяўлена аб планах выпуску ў 2020 годзе 30 тыс. аўтамабіляў.

belapan.by