„БелДжы” выпусціў першы аўтамабіль пад уласным брэндам
СЗАТ „БелДжы” выпусціла першы аўтамабіль пад уласным брэндам – BelGee X50, піша «Анлайнер».

«Уласны брэнд – гэта наступны ўзровень узаемадзеяння з кампаніяй Geely. Калі мы выпускаем пад брэндам Geely, то ў нас ёсць ліцэнзія на зборку аўтамабіляў пад гэтай маркай. Аўтамабіль пад уласным брэндам дае нам больш магчымасцей. Мы атрымалі права доступу да дакументацыі. Гэта наша зона адказнасці, і мы можам рэгуляваць самастойна ўсе працэсы. З уласным брэндам на ўсіх рынках мы самі дыктуем умовы продажу», – заявіў дырэктар прадпрыемства Генадзь Свідзерскі.
Па словах Свідзерскага, аўтамабіль паступіць дылерам ужо ў гэтым месяцы. Першая партыя была выпушчана ў чорным і белым колерах. У далейшым плануецца выпускаць аўтамабілі ў колерах базальт, срэбра і чырвоны.
У гэтым годзе прадпрыемства збіраецца паставіць у Беларусі і Расею каля 9 тысяч аўтамабіляў BelGee X50.
У цэлым жа марка Geely стала лідарам рынку па выніках 2022 года і застаецца такой цяпер. На яе долю прыпадае 72% ад усіх прададзеных новых легкавых аўтамабіляў.
