„Белэнерга”: Дэмантажу абсталявання ТЭЦ пасля запуску БелАЭС не будзе



 Маштабнага скарачэння персаналу і вываду з эксплуатацыі абсталявання дзейных электрастанцый пасля запуску Беларускай АЭС чакаць не трэба, заявіў на прэс-канферэнцыі 23 ліпеня ў Менску першы намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер вытворчага аб’яднання „Белэнерга” Уладзімір Баброў.

Паводле яго слоў, пытанне пра лёс работнікаў і абсталявання традыцыйных электрастанцый пасля інтэграцыі БелАЭС у энергасістэму краіны ўзнікае не толькі ў журналістаў, але і ў саміх энергетыкаў. „Мы не будзем у вялікай колькасці дэмантаваць абсталяванне і скарачаць людзей”, — запэўніў Баброў.

Прадстаўнік „Белэнерга” растлумачыў, што блокі атамнай станцыі магутнасцю 1.200 МВт кожны будуць час ад часу спыняцца на планава-папераджальны рамонт, і для кампенсацыі часовай страты магутнасці энергасістэмы трэба будзе задзейнічаць патэнцыял іншых электрастанцый.

„Пры гэтым калі блок станцыі спыніўся на планава-папераджальны рамонт, а суседні блок быў спынены, скажам, калі нагрэўся нейкі падшыпнік або перастала працаваць нейкая помпа, то ўжо спатрэбіцца 2.400 мегават [дадатковай магутнасці], — адзначыў ён. — Таму, пакуль не будзе адпрацаваная не тэарэтычная, а фактычная мадэль працы буйнога абсталявання, натуральна, ніякіх дзеянняў па дэмантажы і вывадзе з эксплуатацыі абсталявання не будзе”.

„Мы будзем захоўваць яго ў працоўным стане. Яно будзе працаваць у любым выпадку, для гэтага штогод мы складаем графікі працы нашага абсталявання”, — падкрэсліў намеснік кіраўніка „Белэнэрга”.

Беларуская АЭС будуецца паблізу Астраўца (Гарадзенская вобласць) за кошт крэдыту Расеі паводле тыпавога расійскага праекта ВВЭР-1200. Згодна з прагнозам Міністэрства энергетыкі, пасля выхаду на поўную магутнасць станцыя будзе выпрацоўваць больш за 19 млрд кВт·г электраэнергіі штогод. Фізічны пуск першага энергаблока станцыі плануецца ажыццявіць у жніўні гэтага года, на поўную магутнасць ён павінен быць выведзены ў лютым 2021-га. Другі энергаблок плануецца запусціць таксама ў наступным годзе.

belapan.by