„Белгазпрамбанк” ноччу заблакаваў, а раніцай аднавіў валютныя аперацыі



„Белгазпрамбанк”, якім з панядзелка кіруе часовая адміністрацыя Нацыянальнага банка, ноччу прыпыняў валютныя аперацыі па сваіх картах, а раніцай іх разблакаваў.

У прэс-службе „Белгазпрамбанка” БелаПАН не змаглі паведаміць аб прычынах такіх рашэнняў.

У паведамленні банка гаварылася, што з 23.00 16 чэрвеня часовы прыпыняліся валютныя аперацыі з выкарыстаннем карт банка, у тым ліку зняцце наяўнай замежнай валюты на тэрыторыі краіны, а таксама ўнясенне наяўных беларускіх рублёў на бягучы рахунак, адкрыты ў замежнай валюце.

Безнаяўныя аперацыі ў замежнай валюце, якія ажыццяўляюцца на тэрыторыі з выкарыстаннем карт „Белгазпрамбанка”, таксама былі ноччу заблакаваныя.

Раніцай 17 чэрвеня „Белгазпрамбанк” паведаміў пра аднаўленне пералічаных аперацый з выкарыстаннем карт банка.

БелаПАН накіраваў запыты да акцыянераў беларускага банка, у расейскія кампаніі „Газпром” і „Газпрамбанк”, з просьбай патлумачыць прычыны гэтых падзей.

Як паведамлялася, у мінулую нядзелю Нацбанк прыняў рашэнне аб увядзенні часовай адміністрацыі ў „Белгазпрамбанку” „з мэтай абароны інтарэсаў укладчыкаў і крэдытораў” і „недапушчэння пагаршэння” фінансавага стану камерцыйнага банка.

Падставай для ўвядзення часовай адміністрацыі сталі крымінальныя справы, якія Камітэт дзяржкантролю распачаў у сувязі, як сцвярджалася, з выяўленымі фактамі ўхілення ад выплаты падаткаў і легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам.

На чале часовай адміністрацыі па кіраванні ААТ „Белгазпрамбанк” стала экс-кіраўнік Нацбанка Надзея Ермакова. Паўнамоцтвы праўлення ААТ „Белгазпрамбанк” на перыяд дзеяння часовай адміністрацыі па кіраванні банкам прыпыненыя.

Як паведамлялася, былы старшыня праўлення „Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка прыняў рашэнне балатавацца ў прэзідэнты. 11 чэрвеня ў галаўным офісе „Белгазпрамбанка” праходзіў вобшук у межах крымінальнай справы па ўхіленні ад выплаты падаткаў і легалізацыі сродкаў, атрыманых незаконным шляхам. 12 чэрвеня з’явілася неафіцыйная інфармацыя, што Нацбанк мяняе кіраўніцтва банка.

Уласнікі „Белгазпрамбанка” — расейскія кампаніі „Газпром” і „Газпрамбанк” — вечарам 12 чэрвеня рэзка асудзілі дзеянні беларускіх уладаў. Яны назвалі незаконнымі дзеянні па прызначэнні беларускімі ўладамі в.а. старшыні праўлення і в.а. намесніка старшыні праўлення ААТ „Белгазпрамбанк”. „Гэтыя прызначэнні суправаджаліся затрыманнем паўнамоцных членаў праўлення „Белгазпрамбанка” праваахоўнымі органамі Рэспублікі Беларусь”, — падкрэсліваецца ў сумеснай заяве „Газпрома” і „Газпрамбанка”.

Акцыянеры ААТ „Белгазпрамбанк” збіраюцца „дабівацца абароны сваіх правоў і законных інтарэсаў усімі даступнымі прававымі сродкамі, а таксама прымаюць усе магчымыя меры для аховы інтарэсаў кліентаў і забеспячэння фінансавай стабільнасці банка”, падкрэсліваецца ў сумеснай заяве „Газпрома” і „Газпрамбанка”.

belapan.by