„Белгазпрамбанк” паведаміў пра атрыманы ў студзені прыбытак у 9,7 млн рублёў



Па выніках працы за студзень 2021 года „Белгазпрамбанк” атрымаў прыбытак у памеры 9,7 мільёна рублёў. Гэта ў 13,8 разу перавышае фінансавы вынік за аналагічны перыяд 2020 года, паведамляе прэс-служба банка.

На 1 лютага 2021 года актывы „Белгазпрамбанка” склаліся на ўзроўні 4,1 млрд беларускіх рублёў.

Паводле інфармацыі прэс-службы, рэсурсная база банка ў студзені заставалася стабільнай. Прырост тэрміновых укладаў (дэпазітаў) насельніцтва склаў больш за 30 млн рублёў. Таксама назіраўся рост рэшткаў сродкаў на карт-рахунках фізічных асоб.

„На працягу студзеня банкам забяспечанае выкананне прудэнцыяльных нарматываў, абавязацельстваў перад укладчыкамі і крэдыторамі ў поўным аб’ёме”, — гаворыцца ў паведамленні.

„Белгазпрамбанк” з’яўляецца адным з найбуйнейшых камерцыйных банкаў Беларусі, па велічыні актываў уваходзіць у шасцёрку вядучых крэдытных арганізацый краіны.

18 студзеня старшынёй праўлення „Белгазпрамбанка” стала экс-кіраўнік Нацбанка Надзея Ермакова, якая да 10 снежня ўзначальвала часовую адміністрацыю банка. Адміністрацыя была ўведзеная 15 чэрвеня мінулага года рашэннем Нацбанка на шэсць месяцаў „з мэтай забеспячэння ўстойлівага функцыянавання ААТ „Белгазпрамбанк”, бесперапыннасці яго дзейнасці па аказанні банкаўскіх паслуг і выканання ім абавязацельстваў перад укладчыкамі і крэдыторамі”.

11 чэрвеня ў галаўным офісе „Белгазпрамбанка” прайшоў вобшук у межах крымінальнай справы аб ухіленні ад выплаты падаткаў і легалізацыі сродкаў, атрыманых незаконным шляхам. Большасць членаў праўлення „Белгазпрамбанка” былі затрыманыя.

Расійскія акцыянеры банка — „Газпром” і „Газпромбанк” — яшчэ да пачатку працы часовай адміністрацыі назвалі дзеянні Нацбанка па прызначэнні новых кіраўнікоў „Белгазпрамбанка” незаконнымі і летам мінулага года адмаўляліся ад супрацоўніцтва з часовай адміністрацыяй.

Былы старшыня праўлення „Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка, які пакінуў банк у маі мінулага года ў сувязі з удзелам у прэзідэнцкіх выбарах, 18 чэрвеня быў затрыманы па абвінавачванні ў арганізацыі супрацьпраўнай дзейнасці ў гады, калі кіраваў банкам. Пры гэтым прадстаўнікі ўлады сцвярджаюць, што ў крымінальным пераследзе Бабарыкі няма палітычнай падаплёкі. Сам абвінавачаны лічыць інакш.

24 лістапада Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Ермаковай заявіў пра неабходнасць сфарміраваць новае кіраўніцтва банка ў сувязі са сканчэннем тэрміну паўнамоцтваў часовай адміністрацыі.

Увосень мінулага года Нацыянальны банк на працягу некалькіх месяцаў вёў перамовы з расійскімі акцыянерамі „Белгазпрамбанка” аб тым, каб уласнікі вярнуліся да кіравання даччыным банкам і сфармавалі новы склад праўлення. У выніку ў снежні расійскія ўласнікі беларускага банка — „Газпром” і „Газпромбанк” — вярнуліся да кіравання „Белгазпрамбанкам”.

belapan.by