„Белгазпрамбанк” стаў найбуйнейшым недзяржаўным банкам Беларусі



Статутны фонд „Белгазпрамбанка” павялічаны на 75 млн даляраў ЗША, паведамілі БелаПАН у прэс-службе банка.

Нацыянальны банк 20 снежня зарэгістраваў павелічэнне статутнага фонду „Белгазпрамбанка” за кошт частковай канвертацыі субардынаваных пазык, выдзеленых „Газпромам” і „Газпрамбанкам”.

У ходзе дадатковай падпіскі на простыя акцыі „Белгазпрамбанка” долі кожнага з акцыянераў павялічацца з 49,66% да 49,82%.

У выніку „Белгазпрамбанк” становіцца найбуйнейшым недзяржаўным банкам у Беларусі, займаючы трэцяе месца ў банкаўскай сістэме рэспублікі па велічыні статутнага фонду і нарматыўнага капіталу.

Чакаецца, што на 1 студзеня 2019 года значэнне нарматыўнага капіталу „Белгазпрамбанка” перавысіць 350 млн даляраў ЗША (748 млн беларускіх рублёў).

„Дадатковая капіталізацыя беларускай „дочкі” сведчыць аб стратэгічным інтарэсе акцыянераў „Белгазпрамбанка” ў развіцці бізнесу ў Рэспубліцы Беларусь. Павелічэнне статутнага фонду забяспечвае „Белгазпрамбанку” істотны запас па дастатковасці нарматыўнага капіталу ў святле ўкаранення ў Рэспубліцы Беларусь прудэнцыянальных стандартаў Базель III, што дазволіць банку пашырыць фінансавую падтрымку энергетычных і газазабеспячальных кампаній, а таксама прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу ў Беларусі”, — пракаментавалі ў „Белгазпрамбанку”.

„Белгазпрамбанк” заснаваны ў 1990 годзе, кантралюецца групай расейскага „Газпрома”. Уключаны Нацыянальным банкам Беларусі ў лік сістэмна значных банкаў.

belapan.by