„Белгазпрамбанк” знізіў стаўкі па крэдытах для малога бізнесу



„Белгазпрамбанк” з 14 чэрвеня знізіў стаўкі па крэдытах для малога бізнесу ў беларускіх рублях і ў валюце.

Як паведамілі ў банку, цяпер індывідуальныя прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы могуць атрымаць крэдыт па стаўцы ад 14% гадавых у беларускіх рублях і ад 6% у еўра, а пры фінансаванні інвестыцыйнай дзейнасці за кошт сродкаў ААТ „Банк развіцця Рэспублікі Беларусь” — ад 10% гадавых у беларускіх рублях. Таксама зніжаныя стаўкі ў доларах ЗША і расейскіх рублях.

„Зніжэнне ставак з’яўляецца неад’емнай часткай павелічэння доступу суб’ектаў малога бізнесу да крэдытных рэсурсаў, а таксама захавання канкурэнтаздольнасці крэдытных прадуктаў на рынку”, — пракаментавалі спецыялісты банка.

ААТ „Белгазпрамбанк” кантралюецца расійскім „Газпромам” і займае вядучыя пазіцыі ў сферы крэдытавання прыватнага сектара беларускай эканомікі, у прыватнасці малога і сярэдняга бізнесу, а таксама рознічнага крэдытавання. Праграма падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу рэалізуецца Банкам развіцця са жніўня 2014 года. Двухузроўневы механізм праграмы мяркуе вылучэнне Банкам развіцця рэсурсаў для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў суб’ектаў малога бізнесу.

14 чэрвеня Нацбанк знізіў стаўку рэфінансавання на адзін працэнт — да 13% гадавых. Зніжэнне ключавой стаўкі прыводзіць у тым ліку да памяншэння кошту крэдытных рэсурсаў на банкаўскім рынку.

БелаПАН