Бельгія настойвае на змякчэнні санкцый ЕЗ у дачыненні да «Беларуськалія»
Выданне Bloomberg паведамляе, што Бельгія спрабуе змякчыць санкцыі Еўрапейскага Звязу супраць калійнай прамысловасці Беларусі.

Паводле інфармацыі выдання, дыпламаты ў Брусэлі напісалі іншым дзяржавам-удзельніцам ЕЗ ліст з просьбай аслабіць абмежаванні, уведзеныя на беларускую калійную прамысловасць. Яны сцвярджаюць, што санкцыі ў дачыненні да «Беларуськалія» стварылі пэўныя праблемы для кампаній у ЕЗ.
Дыпламаты прапануюць ЕЗ дазволіць пастаўку калійных угнаенняў з утрыманнем калію на 2% больш, чым дазволена ў цяперашні час. У лісце адзначаецца, што, калі еўрапейскія кампаніі будуць вымушаныя закупляць калійныя ўгнаенні з іншых крыніц, гэта прывядзе да скачка коштаў і зніжэння якасці калійных угнаенняў.
ЕЗ увёў забарону на імпарт і транзіт калійных угнаенняў з Беларусі яшчэ 24 чэрвеня, а 9 жніўня санкцыі на калійны сектар увялі ЗША, Канада і Вялікабрытанія.
Беларускае Радыё Рацыя
