Бельгія разглядае магчымасць стварэння сумесных вытворчасцей з Беларуссю



Бельгія разглядае магчымасць стварэння сумесных з Беларуссю прадпрыемстваў у машынабудаванні і шкляной прамысловасці, паведаміў 28 сакавіка журналістам старшыня канцэрна „Беллегпрам” Мікалай Яфімчык пасля адкрыцця міжнароднай выставы-кірмашу BelTexIndustry ў Менску.

„Я быў нядаўна ў Бельгіі як прадстаўнік дзяржавы, і там вырашаліся пытанні не толькі супрацоўніцтва з канцэрнам. Было шмат добрых прапаноў, у тым ліку і па стварэнні сумесных вытворчасцей і ў машынабудаванні, і ў шкляной прамысловасці. Думаю, гэтыя праекты будуць прасоўвацца”, — сказаў Яфімчык.

З нагоды супрацоўніцтва канцэрна з бельгійскімі кампаніямі ён заўважыў, што Аршанскі льнокамбінат закупляе ў гэтай краіне доўгае льновалакно. „Мы шукаем кааперацыйныя сувязі для выкарыстання іх тэхналогіі, а таксама пастаўляем у Бельгію сваю прадукцыю і атрымліваем іх прадукцыю”, — адзначыў Яфімчык.

Як паведамлялася, беларуская дэлегацыя на чале з Яфімчыкам 15—17 сакавіка знаходзілася ў Бельгіі. У яе складзе былі намеснік міністра прамысловасці Дзмітрый Корчык, генеральны дырэктар ААТ „Палессе” Таццяна Лугіна, прадстаўнікі ААТ „Гомсельмаш” і ААТ „МТЗ”.

Асноўная задача візіту — абмеркаванне з існымі і патэнцыйнымі бельгійскімі партнёрамі перспектыў узаемадзеяння па развіцці ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў 2018 годзе.

Адбыліся сустрэчы Яфімчыка з прадстаўнікамі кампаніі AGC Glass, Linificio (найбуйнейшы ў Еўропе вытворца ільняной пражы), ганаровым консулам Беларусі і бельгійскімі прадпрымальнікамі.

belapan.by