Белінвестбанк замарозіў зняцце валюты з карпаратыўных картак



На тэрыторыі Беларусі пакуль нельга зняць валюту з карпаратыўных картак Белінвестбанка. Больш за тое, банк прыпыніў выдачу карпкарт Visa Business, Visa Platinum Business і Masterсard Business як у рублях, так і ў валюце, паведамляе officelife.media.

Таксама нельга зрабіць валютны ці рублёвы перавод на карпаратыўныя карткі гэтага банка. Калі кампаніі патрэбная наяўная валюта для камандзіровак супрацоўнікаў, то грошы выдадуць у касе Белінвестбанка.

Падставай стане заява на выдачу наяўнай замежнай валюты з бягучага разліковага рахунку з прадастаўленнем пацвярджаючых дакументаў у памеры, які не перавышае памеры кампенсацыі расходаў, устаноўленыя заканадаўствам.

Банк не тлумачыць, з чым звязаны абмежаванні. Аднак яны ўводзяцца на фоне санкцый (у тым ліку з боку Visa і Masterсard), якія былі ўведзены ўслед за пачаткам баявых дзеянняў ва Украіне. Розныя абмежаванні і ліміты па валюце раней увялі і іншыя банкі. Напрыклад, з 1 красавіка Прыёрбанк уводзіць камісію на валютныя рахункі кампаній.