„Белкамунмаш” паставіць у Жытомір 49 тралейбусаў
Прадпрыемства „Белкамунмаш” на працягу 2020 года паставіць у Жытомір (Украіна) 49 тралейбусаў, паведамляе прэс-служба Жытомірскага гарадскога савета.
Дагавор аб закупцы тэхнікі 3 кастрычніка ў межах II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны падпісалі першы намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці кіруючай кампаніі холдынга „Белкамунмаш” Дзмітрый Паркаў і выканаўца абавязкаў дырэктара Жытомірскага трамвайна-тралейбуснага ўпраўлення Максім Манухін.
Паведамляецца, што тралейбусы закупяць за сродкі Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Сума дагавора складае 9,3 млн еўра.
Намеснік кіраўніка гарадскога савета Жытоміра Дзмітрый Ткачук паведаміў, што „Белкамунмаш” выйграў тэндар на пастаўку транспарту „з найлепшай цэнавай прапановай”.
„Кошт аднаго тралейбуса — 190 тысяч еўра, — сказаў ён. — З моманту прыняцця рашэння аб буйной закупцы і да сённяшняга дня прайшло тры гады. За гэты час мы знайшлі крыніцу фінансавання з выгаднымі ўмовамі, правялі перамовы, сфармавалі тэхнічнае заданне, правялі тэндар згодна з еўрапейскімі працэдурамі ЕБРР, экспертную ацэнку прапаноў і вызначылі пераможцу”.
„З гэтым рашэннем мы становімся на вялікі крок бліжэй да якаснага і камфортнага грамадскага транспарту. Веру, што гэта зменіць успрыманне людзьмі камунальнага транспарту”, — адзначыў Ткачук.
На прэс-канферэнцыі 27 чэрвеня ў Менску выканаўца абавязкаў начальніка ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці кіруючай кампаніі холдынга „Белкамунмаш” Аляксандр Клакевіч паведаміў, што прадпрыемства не мае намеру адмаўляцца ад вытворчасці тралейбусаў на карысць электробусаў.
„Ёсць сэнс пакідаць тралейбусы ў якасці аднаго з відаў вытворчых прадуктаў, таму што тралейбусных сістэм вельмі шмат, — заявіў ён. — Няма сэнсу іх знішчаць, іх трэба ў любым выпадку падтрымліваць у працаздольным стане. У той жа Расеі эксплуатуецца прыкладна 11 тысяч тралейбусаў. Ды і акрамя Расеі рынак досыць ёмісты. Патрэба ёсць, адпаведна наша задача — гэтую патрэбу задавальняць”.
Паводле слоў прадстаўніка холдынга, у далейшым для развіцця лінейкі тралейбусаў „Белкамунмаш” мае намер „рабіць толькі кропкавы рэстайлінг”. Ён адзначыў, што, напрыклад, у 321-й мадэлі тралейбуса, якая „мае класічны знешні выгляд”, выкарыстоўваюцца „самыя апошнія тэхналогіі”.
„Усе нашы канкурэнты, у тым ліку еўрапейскія, выкарыстоўваюць адны і тыя ж тэхналогіі, толькі розных вытворцаў. Таму ўсё, што трэба, — рабіць якасны прадукт і час ад часу яго абнаўляць з пункта гледжання эстэтыкі, дабаўлення нейкіх опцый”, — падкрэсліў Клакевіч.