„Белкельме” пачынае працэс банкруцтва



ЗАТ СП „Белкельме”, якое займаецца вытворчасцю абутку, падало ў эканамічны суд Берасцейскай вобласці дакументы аб сваёй эканамічнай неплацежаздольнасці. Інфармацыя пра гэта размешчана на сайце Адзінага дзяржаўнага рэестра звестак аб банкруцтве.

Паведамляецца, што заява пададзена даўжніком з прычыны неплацежаздольнасцi, якая мае ўстойлівы характар. Рашэнне аб накіраванні дакументаў у суд было прынята на агульным сходзе акцыянераў прадпрыемства 24 кастрычніка 2016 года.

Вытворчасць аб банкруцтве распачатая 28 снежня 2016 года, устаноўлены ахоўны перыяд у адзін месяц.

Беларуска-іспанскае сумеснае прадпрыемства „Белкельме” было створана ў 1993 годзе. Яго заснавальнікамі выступілі Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі, Kelme International А.О і ААТ „Бабруйскі гарбарны камбінат”. Вытворчыя магутнасці знаходзяцца ў горадзе Белаазёрску Берасцейскай вобласці.

Прадпрыемства ўваходзіць у склад канцэрна „Беллегпрам”. На прэс-канферэнцыі ў сакавіку 2016 года намеснік старшыні канцэрна Мікалай Рагожнік паведаміў: „У нас адчувала пэўныя праблемы прадпрыемства „Белкельме”. Было прынята рашэнне, што яно сёння шчыльна працуе з холдынгам „Марка”. Мы стараемся захоўваць працоўныя калектывы”.

belapan.by