„Беллегпрам” выставіў на продаж ААТ „Дываны Брэста” за 6,5 млн даляраў
„Беллегпрам” прапануе купіць ААТ „Дываны Брэста” як маёмасны комплекс і інвеставаць у праект 6,5 млн даляраў. Адпаведная інфармацыя размешчаная на сайце канцэрна.
Цяпер 99,91% акцый належаць дзяржаве, прапанавана выкупіць поўны пакет.
Тэрмін акупнасці праекта — пяць гадоў. Магчымы выпуск прадукцыі — да 3 млн квадратных метраў на год.
Умова для інвестараў: „захаванне брэнда па вытворчасці дываноў, што гістарычна склаўся, у аб’ёмах, якія забяспечваюць эфектыўную працу, эфектыўнае выкарыстанне сучаснага абсталявання, устаноўленага падчас мадэрнізацыі, стварэнне інавацыйнай і канкурэнтаздольнай прадукцыі”.
Як гаворыцца ў паведамленні канцэрна, асноўныя рынкі збыту прадукцыі гэтага прадпрыемства — Беларусь і Расея. Аб’ём унутранага рынку (за 2018 год) складае 203 тыс. кв. метраў, запланаваная доля на рынку — 24%. Рэнтабельнасць продажу за 2018 год склала мінус 2,5%. Прадугледжанае размеркаванне аб’ёму продажу: краіны ЕАЭС — 85% (у тым ліку Беларусь — 24%), краіны ЕЗ — 1,5%, іншыя краіны — 13,5%.
Прадпрыемства „Дываны Брэста” было заснаванае ў 1960 годзе. Асноўным відам дзейнасці з’яўляецца вытворчасць двухпалотных жакардавых тканых дываноў, дывановых дарожак, падлогавых дывановых пакрыццяў. У 2009—2011 гадах на прадпрыемстве была ажыццёўленая замена тэхналагічнага абсталявання. Сёння прадукцыя выпускаецца на сямі бельгійскіх і адным нямецкім станках, што дазваляе вырабляць пяці-, шасці- і васьміколеравыя жакардавыя дываны. Асвоеная таксама сучасная тэхналогія ткацтва дываноў з выкарыстаннем поліпрапіленавай ніткі. Прадукцыя ААТ „Дываны Брэста” прадаецца ў Беларусі, Малдове, Латвіі, Расеі.
belapan.by