„Белнафтахім” абвясціў аб новым зніжэнні цэн на аўтамабільнае паліва



 „З улікам дынамікі нафтавых каціровак і ў адпаведнасці з прынятай канцэрнам „Белнафтахім” палітыкай па фармаванні цэн на нафтапрадукты” раздробныя цэны на маторнае паліва на АЗС 11 жніўня змяншаюцца на 1 капейку, паведаміла прэс-служба канцэрна.

Цана бензіну АІ-92-К5-Еўра складзе 1,55 рубля за літр, АІ-95-К5-Еўра — 1,65 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 1,87 рубля, дызельнага паліва — 1,65 рубля за літр.

Канцэрн рэгулюе кошт маторнага паліва на ўнутраным рынку, усталёўваючы межавыя максімальныя цэны на нафтапрадукты.

З-за росту кошту нафты для беларускіх НПЗ „Белнафтахім” у 2018-м і да пачатку лета 2019 года практычна штотыдзень уздымаў цану на аўтамабільнае паліва. Летась большасць відаў паліва даражэла 27 разоў, сёлета — 15 разоў (апошні раз 2 чэрвеня).

9 чэрвеня цана бензіну АІ-95-К5-Еўра і дызпаліва ДТ-К5 была зніжаная на капейку. Цана бензіну АІ-92-К5-Еўра і АІ-98-К5-Еўра засталася ранейшай. 16 чэрвеня і 21 ліпеня на капейку патаннелі ўсе віды паліва.

„Сабекошт беларускага паліва наўпрост залежыць ад цаны нафты на сусветным рынку (доля сыравіны ў выдатках 85—90%) і курсу беларускага рубля. Цана нафты, што імпартуецца ў Рэспубліку Беларусь, прывязаная да сусветных каціровак на нафту. Пры прыняцці рашэнняў аб змене межавых цэн на паліва ўлічваецца таксама ўзровень цэн на паліва ў сумежных краінах і шэраг сацыяльных фактараў”, — растлумачылі раней у „Белнафтахіме”.

belapan.by