„Белнафтахім” анансаваў 23-е сёлета падаражанне аўтамабільнага паліва на капейку
Дзяржканцэрн „Белнафтахім” абвясціў аб 23-м сёлета падаражанні аўтамабільнага паліва на 1 капейку.
Матывіроўка: „з 1 па 23 ліпеня 2021 года сярэдняе значэнне каціровак нафты склала 75 долараў ЗША за 1 бараль і адносна ўзроўню студзеня 2021 г. павялічылася на 37%”, пры гэтым „з пачатку года цэны на АЗС павялічацца на 12,5%”.
З 27 ліпеня кошт бензіну АІ-92-К5-Еўра складзе 1,93 рубля за літр, АІ-95-К5-Еўра — 2,03 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 2,25 рубля, дызпаліва — 2,03 рубля за літр.
Да гэтага цэны павышаліся 20 і 27 студзеня, 16 і 23 лютага, 2, 10, 16 і 30 сакавіка, 6, 13, 20 і 27 красавіка, 4 і 13 мая, 2, 8, 15, 24 і 29 чэрвеня, 6, 13 і 20 ліпеня.
Паводле падлікаў БелаПАН, з пачатку года кошт бензіну АІ-98-К5-Еўра ўзрос на 11,39%, АІ-95-К5-Еўра і дызпаліва — на 12,78%, АІ-92-К5-Еўра — на 13,53%.
У сярэдзіне красавіка намеснік старшыні канцэрна „Белнафтахім” Святлана Гурына заявіла, што пры нязменнасці наяўных умоў гаспадарання, у тым ліку кошту нафты і курсу беларускага рубля, да канца года цэны на паліва плануецца павялічыць на 5—6%. На той час з пачатку года цэны выраслі на 4,95—5,88% (10 разоў па капейцы). Такім чынам, гадавы план павышэння цэн выкананы. Пры гэтым курс долара з сярэдзіны красавіка знізіўся на 4,6%.