„Белнафтахім” ацэньвае страты Беларусі ў 100 млн даляраў
Страты Беларусі ў выглядзе недаатрыманай выручкі ад рэалізацыі нафтапрадуктаў склалі 100 млн даляраў, паведаміў на брыфінгу ў Менску 25 красавіка намеснік старшыні канцэрна „Белнафтахім” Уладзімір Сізоў.
„На сённяшні дзень НПЗ працуюць на загрузцы прыкладна 50% ад узроўню да пастаўкі нафты з пагоршанымі характарыстыкамі. Мы зараз ацэньваем страты, якія панясем у красавіку. Сёння яны складаюць каля 100 мільёнаў даляраў у выглядзе недаатрыманай выручкі ад рэалізацыі нафтапрадуктаў”, — сказаў ён.
Паводле слоў Сізова, наваполацкі НПЗ „Нафтан” цяпер працуе на загрузцы 12 тысяч тон нафты за суткі. Мазырскі НПЗ перапрацоўвае 18 тысяч тон за суткі. „Дадзеныя аб’ёмы перапрацоўкі нафты дазволілі стварыць неабходны страховачны запас нафтапрадуктаў для забеспячэння ўнутранага рынку. Намі было прынятае рашэнне часткова задаволіць патрэбы замежных контрагентаў на пастаўку нафтапрадуктаў. Прынятае рашэнне пра пастаўку 32 тысяч тон дызельнага паліва ў напрамку Украіны, 8 тысяч тон дызпаліва — у напрамку Польшчы і каля 10 тысяч тон аўтамабільных бензінаў у напрамку Украіны”, — паведаміў намеснік старшыні канцэрна.
Ён адзначыў, што спыненне транзіту ў напрамку Польшчы і Германіі ўскладніла сітуацыю, „цяпер уся сістэма нафтаправодаў у Беларусі запоўненая нафтай з павышаным паказчыкам арганічных хларыдаў”.
Сізоў паведаміў, што 26 красавіка ў „Белнафтахіме” запланаваныя перамовы з прадстаўнікамі кампаніі „Транснефць”. „Мы пастараемся выпрацаваць тэхнічныя рашэнні па паскарэнні вырашэння пытання з пастаўкай нафты на беларускія НПЗ”, — сказаў прадстаўнік дзяржканцэрна.
Ён таксама адзначыў, што ў напрамку Украіны прапампоўка нафты працягваецца. „Мы падтрымліваем сувязь з аператарам украінскіх нафтаправодаў. Па меры змены мы будзем інфармаваць пра сітуацыю”, — дадаў Сізоў.
belapan.by