„Белнафтахім” бачыць тры сцэнарыі развіцця айчынных НПЗ



 „Белнафтахім”, якому падначаленыя нафтаперапрацоўчыя заводы, бачыць тры варыянты іх развіцця, заявіў „Вестнику Белнефтехима” начальнік вытворча-тэхналагічнага ўпраўлення канцэрна Сяргей Шмаянкоў.

„Мы ўжо бачым тры магчымыя варыянты развіцця НПЗ: паліўна-нафтахімічны, нафтахімічны, араматычны”, — паведаміў ён.

Паводле слоў прадстаўніка канцэрна, для прыняцця рашэння аб канкрэтным варыянце развіцця неабходна вызначыць пералік прадукцыі, якая мае найлепшыя перспектывы для рэалізацыі. „Для гэтага робяцца маркетынгавыя даследаванні рынку нафтапрадуктаў і нафтахімічнай прадукцыі на перыяд да 2030 года ў геаграфічна блізкіх да Рэспублікі Беларусь рэгіёнах, агляды наяўнага і прагназаванага да 2030 года стану сусветнага галіновага рынку”, — сказаў Шмаянкоў.

Ён паведаміў, што распрацоўка стратэгіі развіцця „Нафтана” і Мазырскага НПЗ ажыццяўляецца сумесна з кампаніяй „Эрнст энд Янг — ацэнка і кансультацыйныя паслугі” (расейская „дачка” міжнароднай кансалтынгавай кампаніі EY).

„Праводзяцца маркетынгавыя даследаванні рынку нафтапрадуктаў і нафтахімічнай прадукцыі для выпрацоўкі рэкамендацый па асартыменце таварнай прадукцыі, якая мае найлепшыя перспектывы рэалізацыі”, — адзначыў Шмаянкоў.

Начальнік упраўлення перспектыўнага развіцця канцэрна „Белнафтахім” Андрэй Мленік падчас навукова-практычнай канферэнцыі, якая адбылася сёлета на Мазырскім НПЗ, назваў патэнцыйныя праблемы, што могуць узнікнуць у выпадку, калі абодва заводы будуць спецыялізавацца на вытворчасці паліва.

„Развіццё двух беларускіх НПЗ па паліўным варыянце спалучанае з рызыкай як па збыце прадукцыі, так і эфектыўнасці іх працы ў цэлым. Гэта абумоўленае павелічэннем канкурэнцыі на патэнцыйных рынках збыту маторнага паліва, а таксама адсутнасцю вольнай ёмістасці найбліжэйшых рэгіянальных рынкаў для забеспячэння эфектыўнай рэалізацыі нафтапрадуктаў”, — адзначыў Мленік.

Такі сцэнарый развіцця падзей ва ўмовах сусветнай цаны на нафту не дазваляе забяспечыць бясстратную працу заводаў, мяркуе ён.

„Магчымае далейшае развіццё двух заводаў па нафтахімічным профілі патрабуе таксама ўважлівай ацэнкі. Найперш з пункта гледжання наяўнасці запатрабаванага асартыменту прадукцыі і эфектыўных ёмістых рынкаў збыту”, — сказаў прадстаўнік „Белнафтахіма”.

Паводле яго слоў, пры распрацоўцы стратэгіі развіцця заводаў да 2030 года трэба ўлічыць „абмежаванасць доступу да сучасных перспектыўных тэхналогій, якія дазваляюць забяспечыць найбольшую дабаўленую вартасць і канкурэнтаздольнасць прадукцыі”.

belapan.by