„Белнафтахім” чакае танкер з амерыканскай нафтай 5 чэрвеня
Канцэрн „Белнафтахім” чакае прыбыцця танкера з амерыканскай нафтай у Клайпеду да 5 чэрвеня, паведаміў прэс-сакратар канцэрна „Белнафтахім” Аляксандр Цішчанка.
„Танкер выйшаў з порта Beaumont (Тэхас. – Заўвага БЕЛТА) 16 траўня. Прыбыццё ў Клайпеду чакаецца да 5 чэрвеня”, – сказаў Аляксандр Цішчанка.
З клайпедскага порта на „Нафтан” транспарціроўка будзе ісці па чыгунцы, гэта зойме каля паўтары тыдняў.
Як паведамлялася, танкер даставіць для Беларусі 80 тыс. т амерыканскай нафты сорту Bakken. Здзелка заключана пры ўдзеле амерыканскага энергатрэйдара United Energy Trading, а таксама пры садзейнічанні амерыканскай кампаніі Getka і іх польскага партнёра UNIMOT.
Міністр замежных спраў Уладзімір Макей заяўляў, што пастаўка стала магчымай па выніках дамоўленасцей, дасягнутых у час візіту ў Беларусь 1 лютага 2020 года дзяржаўнага сакратара ЗША Майкла Пампеа і сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Пастаўкі амерыканскай нафты з’яўляюцца часткай дзяржаўнай стратэгіі па дыверсіфікацыі крыніц і забеспячэнні ўстойлівай работы нафтаперапрацоўчага комплексу Беларусі ў 2020-м і ў наступныя гады.